Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў, што «варыянт з жанчынамі і са штабамі быў заплянаваны заранёў». Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, якую вядзе пад імем Ivan Viktarovič.
Зянон Пазьняк ад пачатку выбарчай кампаніі выступае з абвінавачаньнямі на адрас прэтэндэнтаў на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы ў тым, што гэта кандыдаты Крамля. Канкрэтных доказаў гэтаму ён не дае. Гэткую ж пазыцыю займае кандыдатка на прэзыдэнта Ганна Канапацкая.
У допісе ў Фэйсбуку 27 траўня Зянон Пазьняк піша, што «тэхналёгія, якую рэалізавала Масква на выбарах у Беларусі („Тры жанчыны“), аказалася даволі эфэктыўнай. Галоўнае, што штабісткі цалкам падмялі пад сябе Ціханоўскую, якая цягне ўсіх на фальшывае галасаваньне, абяцаючы потым расчысьціць дарогу да ўлады Бабарыкам-Цапкалам. Альтэрнатыва штабоў, абапертая на постаці Ціханоўскай, выклікала эўфарыю ў абуджаным грамадзтве. Кожны спрасонку гатовы пайсьці на выбары і сказаць сваё „не“ Лукашэнку, які стаў усім ненавісны.
Усё так хутка і як быццам складна атрымалася, што стала зразумела — варыянт з жанчынамі і са штабамі быў заплянаваны заранёў... Відаць, варыянт прадугледжваў, што будуць арыштаваныя банкір і Цапкала. І тут іх падменяць жанчыны. Але, магчыма, адбылася ўцечка інфармацыі, у Менску плян раскусілі і Цапкалу не арыштавалі. Тым ня менш варыянт пайшоў, і жонка Цапкалы як ні ў чым не бывала прадстаўляе свайго мужа і штаб свайго мужа ў „трыюмвіраце“... Ансамбль выступае. Усе на выбары! Людзям падабаецца. Наперадзе „элегантная перамога“ (і зразумела чыя)».
У 1994 годзе заснавальнік БНФ і адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах, па выніках якіх у другім туры перамог Аляксандар Лукашэнка. У 1996 годзе Зянон Пазьняк эміграваў зь Беларусі, жыве ў ЗША і Польшчы. Першапачаткова ён падтрымаў пазыцыю Сяргея Ціханоўскага ў часе выбарчай кампаніі. Ціханоўскі заяўляў, што ў выбарах нельга ўдзельнічаць, калі ў іх удзельнічае Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўскія секлі Маскву ня раз». Пазьняк пра гомельскага блогера, Бабарыку і байкотПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.