«Мне дастаткова пяці гадоў, і менчукі б не пазналі горад», — рэстаратар Пракопʼеў пра сваю палітычную амбіцыю

Вадзім Пракоп'еў

Рэстаратар Вадзім Пракопʼеў, які зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну і празь відэазвароты выклікаў Аляксандра Лукашэнку на двубой, зьвярнуўся да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, чыноўнікаў, абʼяднанай апазыцыі і звычайных беларусаў, даў эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе. Пракопʼеў расказвае, як высокі чыноўнік разбураў ягоны бізнэс, тлумачыць, чаму хоча стаць мэрам Менску і як ён паспрабуе зьяднаць пратэстны рух.

Вадзім Пракопʼеў вядомы ў Беларусі як суўладальнік некалькіх рэстаранаў і бараў прэміюм-клясы. У траўні, пасьля заявы Лукашэнкі аб тым, што падчас пандэміі каранавірусу рэстараны ніхто падтрымліваць ня будзе, ён запісаў зварот да калегаў, у якім прапанаваў ім аб’яднацца ў асацыяцыю, каб уплываць на грамадзкую думку і адстойваць свае інтарэсы перад дзяржавай. На пачатку ліпеня стала вядома, што Пракоп’еў прадаў бізнэс у Менску і пераяжджае ў Сынгапур. Першы відэазварот Вадзіма Пракопʼева да прэзыдэнта Лукашэнкі зьявіўся амаль апоўначы 14 ліпеня — у гэты дзень у Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя пратэсты супраць адмовы рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. На відэа рэстаратар у баксэрскіх пальчатках і ў майцы з выявай Вацлава Гаўла выклікае Лукашэнку на двубой.

Сьцісла

  • У беларусаў выпрацаваўся стакгольмскі сындром. Праз сьмех, гумар, эстэтыку, празь фільмы нуар, праз што заўгодна трэба пераадолець страх.
  • Я — дастаткова пасьлядоўны крытык Лукашэнкі. Крытыкаваць яго, знаходзячыся ў Менску, можна толькі ўскосна і паміж радкоў. Бізнэс можа быць рэзкім крытыкам Лукашэнкі толькі тады, калі эмігруе.
  • Гэта працяг маёй уласнай эстэтыкі. Я люблю фільмы нуар. І гэта працяг нейкага майго сьветапогляду.
  • Я не пісьменьнік і не журналіст, хаця некаторую слабасьць да добрага слова і моцнага дзеяслова маю даўно.
  • Магчыма, мне выпаў гістарычны шанец зьяднаць увесь пратэстны рух, прынамсі, быць мастком.
  • Я спадзяюся, што са мной ня здарыцца сындром аддаленага скрыўленага ўспрыманьня. Менск трэба адчуваць, Беларусь трэба адчуваць.

«Казаць, што я ў бясьпецы, можна толькі з іроніяй»

— Ці вы ў бясьпецы? Як трапілі ва Ўкраіну?

— Я прыляцеў у Кіеў са Стамбулу. Казаць, што я ў бясьпецы, можна толькі з іроніяй. Але я поўны сілаў. Цудоўнай энэргіяй мяне падсілкоўваюць мае гледачы, сябры і паплечнікі. Я разумею, што цяпер трэба быць у бліскучай спартовай форме.

— І інтэлектуальнай.

— І інтэлектуальная сюды ўваходзіць, так.

— Найгалоўнейшае пытаньне — якая ваша асноўная мэта?

— Яна відавочная, я яе агучваў у сваіх выступах. Гэта зьмена ўлады ў Беларусі, свабодныя выбары без Лукашэнкі, зьмена палітычнай сыстэмы і такое ўладкаваньне новай палітычнай сыстэмы, пры якой у краіне немагчымы новы Лукашэнка.

— Гэтая выбарчая кампанія ў пэўным сэнсе непрадказальная. 10 дзён таму ніхто ня мог уяўляць, што тры жанчыны будуць езьдзіць па краіне і на іх агітацыйныя мітынгі будуць прыходзіць тысячы людзей. А некалькі месяцаў таму ніхто ня мог уявіць, што вы будзеце выклікаць на двубой Лукашэнку. Наколькі гэта быў прадуманы крок? Калі вы зьвярталіся ўвесну да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з і крытычным станам рэстараннага бізнэсу праз пандэмію, ці плянаваўся ад’езд і ўсе гэтыя відэазвароты?

— Справа не ў пандэміі, вядома ж, справа ў тым, што я — дастаткова пасьлядоўны крытык Лукашэнкі. Слухачы павінны разумець, што крытыкаваць яго, знаходзячыся ў Менску, можна толькі ўскосна і толькі паміж радкоў. Асабліва, калі вы займаецеся бізнэсам, любым бізнэсам. У мяне быў вельмі сярэдні бізнэс. Я б нават сказаў бліжэй да малога бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапаную Кіеў як пункт зборкі беларускага пратэсту». Рэстаратар Пракоп’еў запісвае відэа, у якіх заклікае змагацца з рэжымам

«Цяпер я лічу неабходным выказвацца рэзка»

— Дык вы былі схаваным крытыкам Лукашэнкі, і толькі ваша атачэньне пра гэта ведала?

— Паводле прыроды сваёй бізнэс пры дыктатарскіх рэжымах ня ў стане быць рэзкім крытыкам. Бізнэс можа быць рэзкім крытыкам Лукашэнкі тады, калі ён эмігруе, у сытуацыі, калі можна гаварыць, не падстаўляючы сябе, сваіх людзей і свае семʼі. Былі сэрыі інтэрвію і артыкулаў за апошнія дзесяць гадоў, зь якіх мая пазыцыя зразумелая. Проста цяпер я лічу неабходным выказвацца рэзка, магчымасьць такая ёсьць. Я лічу, што градус у грамадзтве, нэрв грамадзтва адпавядае моманту. Нам ні ў якім разе нельга прапусьціць гэты момант. Нам патрэбная першая спартовая перамога, інакш у беларусаў будзе комплекс непаўнавартасьці на дзесяцігодзьдзі.


— Што ўсё ж стала для вас апошняй кропляй, вырашальным штуршком?

— Калі казаць пра тэхналёгію і пасьлядоўнасьць на маім youtube-канале, то гэта — задума двухмесячнай даўніны. А калі казаць пра мой удзел у спробе наблізіць канец, то я быў «цяжарны» гэтымі думкамі, можа быць, дзесяцігодзьдзе, можа быць, болей.

«Тэксты я пішу сам, яны нараджаюцца ў мяне часам удзень, часам уначы»

— Вы выбралі вельмі рэзкую, вельмі артыстычную форму. Вы правакуеце. Хто вам дапамагае ў стварэньні ролікаў? Ідэі, тэкст, відэа...

Вадзім Пракоп’еў (у цэнтры) на «Інтэлектуальным клюбе» Сьвятланы Алексіевіч, 2019 год

— Я аналізаваў тое, што адбываецца ў мэдыйным полі, у розумах беларусаў, і ўсьведамляў, што ёсьць і дагэтуль існуюць нішы, якія пустуюць. Гэтыя пустыя пратэстныя нішы абавязкова трэба было запаўняць. Мая задача была — вызначыць сваю ролю і выступіць лідэрам у гэтых нішах. Я цудоўна разумею, што пасіўнасьць беларусы яшчэ не пераадолелі. Мне вельмі прыемна думаць, што градус іх уцягнутасьці нашмат большы, чым калі-небудзь раней.

Я адчуваю, што я трапіў у нэрв, я хацеў трапіць у нэрв. А што тычыцца эстэтыкі і стылістыкі маіх паведамленьняў, з аднаго боку гэта крок, каб зацікавіць гледача. З другога боку гэта працяг маёй уласнай эстэтыкі. Я люблю фільмы нуар. Гэта працяг нейкага майго сьветапогляду, у тым ліку эстэтычнага, але я не хацеў бы, каб за гэтым бачылі нейкі тэатар ці позу. Гэта ўсяго толькі спосаб узмацніць мой мэсыдж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў, які крытыкаваў урад і стварыў Асацыяцыю рэстаратараў, зьедзе зь Беларусі

У мяне няма памочнікаў, але маю вострую патрэбу ў іх. Тэксты я пішу сам, яны нараджаюцца ў мяне часам удзень, часам уначы. Я жорстка іх рэдагую, часам адмаўляюся цалкам, часам перапісваю. Гэта працэс. Я не пісьменьнік і не журналіст, хаця некаторую слабасьць да добрага слова і моцнага дзеяслова маю даўно. Спадзяюся, гэта бачна па маіх артыкулах і калёнках, які я пісаў раней.

«Я не чакаю ад яго ніякіх чалавечых рэакцый»

— Ці вядома вам пра нейкую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на вашыя звароты?

— Рэакцыя вострая, як я і меркаваў. Ці ёсьць у мяне нейкі інсайд? Натуральна, ёсьць. Я ня стану гаварыць пра крыніцы. Зразумела чаму. Справа ня ў тым, што адрасат выслухае або будзе грукаць кулаком у сьцяну. Справа ня ў тым, ці будзе ён нэрвавацца, напрыклад, ці заслугоўвае гэтага. Увогуле я не чакаю ад яго ніякіх чалавечых рэакцый, таму што чалавечага там вельмі мала. Справа ў тым, што аўдыторыя павінна пачуць, што баяцца яго нельга, што размаўляць зь ім можна на ягонай мове і ў ягоным рэгістры. Гэта вельмі важнае пачуцьце ў беларусаў, якое павінна прачнуцца.


— Якая ваша палітычная амбіцыя?

— Я думаў пра будучыню, калі маглі быць абвешчаныя выбары мэра Менску. Мне падаецца, у мяне ёсьць бліскучая ідэя, як вывесьці Менск у вельмі перадавыя эўрапейскія модныя гарады. Я пра гэта гаварыў у шматлікіх інтэрвію. Я вельмі спадзяюся, што гэта адбудзецца у самым блізкім часе, я маю на ўвазе зьмену палітычнай сыстэмы. І калі гэта адбудзецца і ў нас будуць выбіраць кіраўнікоў гарадоў, рэгіянальных кіраўнікоў, я б пазмагаўся за пасаду мэра Менску. Мне дастаткова было б пяці гадоў на гэтай пасадзе, і менчукі б не пазналі горад. Але я не рабіў бы доўгую палітычную карʼеру, бо яшчэ хачу атрымаць задавальненьне ад жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў выклікаў Лукашэнку на баксэрскі бой. ВІДЭА


— Колькі вам гадоў і колькі вы гадоў у рэстаранным бізнэсе?

— Мне 48 гадоў. У рэстаранным бізнэсе я з 2002 году, 18 гадоў.

— Як вы стваралі свой бізнэс? Як бы вы ацанілі ўмовы для бізнэсу ў розныя гады ў Беларусі?

— Здараліся і канфлікты зь дзяржавай. У самым першым маім рэстаранным праекце вялікую ролю адыграў высокі чыноўнік буйнога калібру. Адыграў вялікую ролю ў развале гэтага праекту. Гэта быў рэстаран з клюбам. У той час гэты «мэсьё» займаў пасаду сьпікера парлямэнту. Не магу паверыць, што я вымаўляю гэтыя словы — сьпікер парлямэнту. Таму што сьпікер парлямэнту мае цывілізацыйныя канатацыі, а ён быў прызначаны старшынём палаты.

Канфлікты ў мяне былі і раней, і я страчваў вялікую колькасьць грошай, у тым ліку і праз сваю пазыцыю. Гэта быў цярністы шлях. Некаторыя лічаць, што ў мяне атрымлівалася нядрэнна. Некаторыя лічаць, што нават таленавіта атрымлівалася. Зьмяніць грамадзтва і зьмяніць сыстэму зьнізу, выбудоўваючы нейкія выспы цывілізацыі ў горадзе, дзе ёсьць рэстараны... Мае рэстараны, наважуся меркаваць, усё ж адрозьніваліся крышку ад іншых. Там былі іншыя падыходы і іншая субкультура, іншы клімат.

Зьмяніць гэта зьнізу, так званая тэорыя малых справаў — гэта працуе да пэўнай ступені. Пакуль беларусы ня зробяць свайго калектыўнага праекту, пакуль у нас ня зьявіцца нармальнае асяродзьдзе, дзе паважаюць прыватную ўласнасьць, дзе ёсьць прадстаўнічае кіраваньне і ўсе астатнія прыкметы нармальнай дзяржавы, усе наіўныя спробы зрабіць сабе маленькі рай, якім я займаўся, былі асуджаныя ўсё роўна. Гэта трэба разумець і беларускаму бізнэсу таксама.

«У Лукашэнкі атрымалася зрабіць вельмі гадкую рэч — ён падзяліў, разьяднаў і маргіналізаваў апазыцыю»

— Вы сказалі ў інтэрвію Настоящему времени, што з сумам гледзіце на стан беларускай апазыцыі, але пра гэта няслушна цяпер гаварыць, і што ваша роля — зрабіць такую гавэлаўскую каардынацыю, каб апазыцыю сабраць і не распыляць энэргію ні на што больш. Што вы маеце на ўвазе? Ці гэты працэс вы ўжо распачалі?

— Я спадзяюся, што з боку бачна, што я распачаў, што я дзейнічаю згодна са сваімі абяцаньнямі. У Лукашэнкі атрымалася зрабіць вельмі гадкую рэч. Ён падзяліў, разьяднаў і маргіналізаваў апазыцыю. Ён разьяднаў вясковых і гарадзкіх. Гэта нармальная стратэгія дыктатара. Я разумею, што выпадкова. Магчыма, мне выпаў гістарычны шанец зьяднаць увесь пратэстны рух, я спадзяюся. Прынамсі быць мастком, які тлумачыць пазыцыі.

Цяпер ня час высьвятляць адносіны, ня час спрачацца, згадваць старыя крыўды. Цяпер трэба ўсім калектыўна веславаць. Хто можа — вяслом, хто ня можа — вечкам ад унітаза, лыжкай, усім веславаць у адным кірунку. Аднарукі — адной рукой, хто бяз рук — крычаць і камандаваць. Гэта павінна быць спартовая дысцыпліна. Потым усе спрэчкі і высьвятленьне, хто на якім флянгу чым займаўся і ў каго што атрымлівалася. Ёсьць адна мэта. Любы, хто не разумее цяперашні момант, любы, хто не вяслуе ў гэтым кірунку, займаецца рэфлексіяй ці фаталізмам, адцягвае канец рэжыму. Гэта пачварная пазыцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму і як стваральніца фб-суполкі «Хватит бояться!» зьехала зь Беларусі

— Ва Ўкраіну нядаўна зьехалі мадэратарка суполкі «Хопіць баяцца» Тацяна Мартынава, адзін з каардынатараў кампаніі BYCOVID19 Андрэй Стрыжак, цяпер вы. Чаму менавіта Ўкраіна? Ці ёсьць пэўная каардынацыя беларусаў, якія тут апынуліся з розных прычынаў у розны час?

— Я вельмі рады, што людзі, чые галасы могуць гучна прагучаць, ратуюцца такім пераездам. З Тацянай Мартынавай я знаёмы. Яна працуе на перамогу, дакладна разумее агульныя мэты. У яе ёсьць свая аўдыторыя, свая харызма, свой спосаб данасіць праўду. Я зь ёй асабіста пазнаёміўся і пацьвярджаю, што гэта сурʼёзны элемэнт. Яна — вялікая разумніца. Я не знаёмы з Андрэем Стрыжаком, але выпраўлю гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадзім Пракоп’еў: З Лукашэнкам трэба размаўляць на ягонай мове

Чаму Кіеў? Найперш таму, што ў мяне тут цудоўныя сувязі, якія ўзьніклі праз тое, што я тут займаўся рэстаранным бізнэсам як кансультант. Па-другое, вельмі важна зь Менскам быць у псыхалягічнай блізкасьці. Мы ведаем цудоўных людзей, якія былі вымушаныя зьехаць больш далёка, і яны не адчуваюць нэрва ў краіне. Гэта не тлумачыцца геаграфіяй ці эміграцыяй, а хутчэй нейкім жыцьцём. Спадзяюся што гэтага са мной не адбудзецца. Я спадзяюся, што я настолькі пагружаны ў абстаноўку Менску, што са мной ня здарыцца сындром аддаленага скрыўленага ўспрыманьня. Менск трэба адчуваць, Беларусь трэба адчуваць.

Трэба разумець, пра што людзі кажуць на скрыжаваньнях. Ня толькі мэдыя, трэба адсочваць вайскоўцаў, афіцэраў, настаўнікаў. Гэта цяжка зрабіць за мяжой, але магчыма, калі вы арганізуеце жыцьцё такім чынам, што камунікацыя не перапыніцца. Кіеў — ня самае бясьпечнае месца для той працы, якую я раблю. Я гэта ўсьведамляю. Пры гэтым гэта ўсё ж блізка, і постсавецкі кантэкст лепей адчуваць самому.

«Я адчуваю ў сабе гэты боль і павінен яго выказаць каротка і дасьціпна»

— Што будзе далей? Звароты да ўладаў, да розных групаў людзей? Ці гэта перарасьце ў нешта іншае?

— Безумоўна. Я адчуваю сваёй задачай зьвярнуцца да людзей розных сацыяльных клясаў, розных прафэсій. Я адчуваю ў сабе гэты боль і павінен яго выказаць каротка і дасьціпна. Гэта будуць звароты да розных слаёў беларускага грамадзтва.

— І якой рэакцыі, якой эмоцыі вы чакаеце?

Вадзім Пракоп'еў

— Рэакцыя і эмоцыя адна — яна запісаная ў загалоўку маіх ролікаў — перастаць баяцца. У беларусаў выпрацаваўся стакгольмскі сындром. Праз сьмех, гумар, эстэтыку, праз фільмы нуар, праз што заўгодна трэба пераадолець страх. Гэта практыкаваньне. Гэта трэба рабіць як і ў спорце. Адціснуцца 10 разоў, потым адціснуцца 20 разоў, потым 50 разоў. І гэты сыдзе. Трэба перастаць баяцца.

— Ці маеце рабочыя кантакты з абʼяднаным штабам?

— Безумоўна. У мяне велізарная колькасьць камунікацый. На жаль, не выбудаваная арганізацыйная структура. Я вельмі шмат не пасьпяваю за дзень, але я спадзяюся, што не выпускаю галоўнае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.