Джэфры Джук стаў новым кіраўніком амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі. Ён зойме пасаду паверанага ў справах ЗША ў Беларусі.
У амбасадзе ЗША адзначылі, што калі ў Менск прыбудзе амбасадар, Джук застанецца намесьнікам кіраўніка дыпляматычнай місіі.
Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.
ЗША адклікалі свайго амбасадара ў Менску ў 2008 годзе, калі прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў скараціць колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у краіне.
Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасьля таго, як Вашынгтон увёў санкцыі, зрэагаваўшы на парушэньні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі.
ЗША і Беларусь абвясьцілі пра пляны абмяняцца пасламі ў верасьні 2019 году, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартамэнту Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Менску.
Аб прызначэньні неўзабаве амбасадара ў Беларусі заявіў падчас візыту ў Менск 1 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп сказаў, хто стане амбасадарам ЗША ў Беларусі пасьля 12-гадовага перапынку