Прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе пра інцыдэнт, які 27 ліпеня адбыўся ў Берасьці.
Па яе словах, зь неідэнтыфікаванага пакуль віду зброі мужчына стрэліў у начальніка міжраённага аддзелу ДАІ УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Юрыя Шыкунца.
«Так, быў стрэл. Начальнік міжраённага аддзела ДАІ УУС не пацярпеў, яго жыцьцю і здароўю нічога не пагражае. Зламысьнік затрыманы. Абставіны здарэньня расьсьледуюцца», — патлумачыла яна Свабодзе, дадаўшы, што справай займаецца Сьледчы камітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Машыны Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкала ДАІ адпусьціла пасьля праверкі дакумэнтаўПаводле папярэдніх зьвестак, прылада для страляньня была самаробная. У выніку пацярпела толькі форма міліцэйскага палкоўніка, ранаў ён не атрымаў.
Сьледчы камітэт Беларусі пазьней паведаміў у Telegram, што ў нападзе падазраюць 70-гадовага жыхара Берасьцейскага раёну, ён затрыманы. Адносна яго распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 14 і п.10 ч.2 арт. 139 — «замах на забойства асобы ў сувязі зь яе службовай дзейнасьцю». Паводле гэтага артыкулу пагражае ад 8 да 20 гадоў пазбаўленьня волі (мужчынам ад 18 да 65 гадоў — да пажыцьцёвага зьняволеньня і нават сьмяротнага пакараньня).
«Мужчына дастаў самаробнае прыстасаваньне, накіраваў яго ў бок службовай асобы і зрабіў некалькі стрэлаў, — апісвае СК здарэньне. — Міліцыянт апэратыўна зрэагаваў на сытуацыю, што склалася, што дапамагло пазьбегнуць яму раненьня. Ён не пацярпеў. Начальнік МРЭА ў гэты дзень праводзіў прыём грамадзянаў».