Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала абноўленыя зьвесткі пра колькасьць выбарнікаў у Беларусі і за яе межамі. Галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня могуць усе грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў, акрамя зьняволеных і прызнаных недзеяздольнымі.
Агулам у выбарах могуць прагаласаваць 6 844 932 чалавекі. Зь іх:
- Менск — 1 241 021 чалавек;
- Менская вобласьць — 1 142 043;
- Гомельская вобласьць — 1 069 567;
- Берасьцейская вобласьць — 984 601;
- Віцебская вобласьць — 849 472;
- Магілёўская вобласьць — 801 825;
- Горадзенская вобласьць — 751 084;
- за межамі Беларусі — 5 319 чалавек.
У 2015 годзе выбарнікаў было больш на 150 тысяч чалавек.
Штаб кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай 24 ліпеня запусьціў інтэрнэт-праект «Голас» — просіць фатаграфаваць бюлетэні на выбарчых участках, каб прадухіліць фальсыфікацыі. Сайт зрабілі пры падтрымцы кампаніі «Честные люди», запушчанай экс-прэтэндэнтам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам. На момант публікацыі сфатаграфаваць бюлетэні паабяцалі 445 437 чалавек — гэта 6,5% выбарнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты Канапацкая і Чэрачань выступілі на радыё другі раз. Новага не сказаліПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.