Кандыдаты Канапацкая і Чэрачань выступілі на радыё другі раз. Новага не сказалі

Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань

Раніцай 27 ліпеня два кандыдаты ў прэзыдэнты, Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань, выступілі другі раз на дзяржаўным радыё. Іхныя выступы практычна не адрозьніваліся ад першых радыё- і тэлепрамоваў.

Сяргей Чэрачань расказаў пра сваё жыцьцё да выбараў і прычынах выстаўленьня кандыдатуры, прадставіў сваю праграму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТ

Ганна Канапацкая таксама прадставіла сваю праграму. Але кандыдатка раней анансавала ідэю стварэньня ўласнай партыі — падрабязьней пра гэта яна абяцала расказаць у тэлевыступе 28 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая зьвярнулася да выбарнікаў на дзьвюх мовах у сваім першым выступе на тэлевізіі

Канапацкая і Чэрачань, а таксама Сьвятлана Ціханоўская і Андрэй Дзьмітрыеў, выступяць 28 ліпеня на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» (Чэрачань — з 17:00 да 17:30, Дзьмітрыеў — з 17:30 да 18:00, Ціханоўская — з 18:00 да 18:30, Канапацкая — з 18:30 да 19:00).

Ціханоўская і Дзьмітрыеў таксама выступяць 29 ліпеня на Беларускім радыё: Дзьмітрыеў з 8:00 да 8:30, Ціханоўская з 8:30 да 9:00.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што сказалі і пра што прамаўчалі кандыдаты. Разважаюць рэжысэр Андрэй Курэйчык і аналітыкі Свабоды

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.