Сама меней 10 тысяч чалавек, паводле ацэнак назіральнікаў, сабралася вечарам 26 ліпеня ў Гомелі на перадвыбарчы мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.
Выступаючы на ім, кандыдатка расказала пра свайго мужа, вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Менску «за сваю грамадзянскую пазыцыю». Ціханоўская падкрэсьліла, што Гомель — родны горад Сяргея, адсюль ён пачаў сваю дзейнасьць.
Кандыдатка ў прэзыдэнты расказала, што ўтойвала ад сваіх дзяцей, дзесяцігадовага сына і чатырохгадовай дачкі, якія цяпер знаходзяцца ў адной з эўрапейскіх краінаў, інфармацыю пра тое, што іх бацька знаходзіцца пад вартай.
«Але нядаўна мой старэйшы сын паглядзеў на youtube мой выступ. Ён напісаў мне: „Мама, ці з табой усё ў парадку? Мне шкада цябе. Мне страшна за цябе“. Я не хачу жыць у краіне, у якой страшна жыць. Я хачу жыць у роднай краіне, дзе ня страшна жыць, ня страшна гаварыць», — заявіла Ціханоўская.
Кандыдатка ў прэзыдэнты чарговы раз падкрэсьліла, што яна не палітык, яе мэта ў гэтай кампаніі — перамагчы для наступнага правядзеньня «крышталёва празрыстых, сумленных, справядлівых выбараў».
Па словах Ціханоўскай, зьняўшы з выбараў трох найбольш моцных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, улады не ўлічылі, што за «кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры дзень, родны Гомель Сяргея Ціханоўскага!» — тысячы людзей прыйшлі на мітынг. ФОТА, ВІДЭА«Ох, я стамілася. Я хачу быць са сваім мужам, і нават хачу смажыць свае катлеты», — прызналася са сцэны кандыдатка ў прэзыдэнты. У адказ на гэтыя словы людзі закрычалі: «Трымайся, малайчына!».
«Я прайду гэты шлях, які мне даў лёс, я выканаю сваю місію і адыду ўбок», — паабяцала Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсе аказаліся няўгодныя цяперашняй уладзе», — Ціханоўская ў Рэчыцы. ФОТА, ВІДЭААб'яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы працягне паездкі па краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў шмат людзей. У Жлобіне прайшоў агітацыйны мітынг Сьвятланы ЦіханоўскайПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.