27 ліпеня 1990 Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.
Гэты дзень тады ж, у 90-м, быў абвешчаны Днём Незалежнасьці, хаця Дэклярацыя незалежнасьць не абвяшчала. Строга кажучы, яна толькі пацьвярджала тое, што было ўжо запісана ў Канстытуцыі БССР 1978 года — што Беларусь зьяўляецца сувэрэннай рэспублікай. Незалежнасьць будзе абвешчаная толькі праз год, 25 жніўня 91-га.
Дэклярацыя прымалася хаця і «на нэрвах», але — неяк ня вельмі заўважальна па-за межамі Авальнай залі. 27-га ліпеня мне давялося застацца ў Авальнай залі, калі большасьць дэпутатаў БНФ яе пакінулі (парлямэнцкая большасьць спачатку адхіліла падрыхтаваны Фронтам праект, за кожны радок давялося змагацца, потым уключыла палажэньне пра «новы Саюз», а потым увогуле некаторыя паставілі пад сумнеў неабходнасьць Дэклярацыі; пасьля выхаду з залі фронтаўцаў дэпутаты пад настроем — «А, дык БНФ ня хоча галасаваць? Дык тады прагаласуем!» — націснулі кнопкі, на гэта і быў разьлік).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90-я forever: «Будзе поўны сувэрэнітэт, але — ніякай Незалежнасьці!» ВІДЭАЧас дазваляе ўбачыць маштаб падзеяў, але сьцірае дэталі.
У 1990-м галасаваць за поўную самастойнасьць сакратары райкамаў, старшыні калгасаў, генэралы і дырэктары заводаў былі яшчэ не гатовыя, і «Дэклярацыю аб Незалежнасьці», якую мы ім прапанавалі, яны адрынулі. Тое, за што яны прагаласавалі, было палавінчатым дакумэнтам, і не ішло ў папаўненьне з тым, што было прынята ў Літве ці Латвіі.
Але за наступныя месяцы яны прызвычаіліся, што перад гэтым на сэсіях, калі прымалі законы, апазыцыя апэлявала да Дэклярацыі. Слова «сувэрэнітэт» не выклікала ў іх страху. 25 жніўня 91-га яны прагаласавалі за незалежнасьць. Так, на іх рашэньне паўплываў выступ Зянона Пазьняка, націск дэпутатаў БНФ, якіх падтрымалі іншыя дэмакратычныя дэпутаты, і канешне — тысячы чалавек на Плошчы. Усё гэта так.
Але калі я задумваюся над тым, ці магла б дэпутацкая большасьць гэтак прагаласаваць у 91-м, калі б не было прынятай годам раней Дэклярацыі аб сувэрэнітэце — прыходжу да высновы, што — наўрад ці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як 27 ліпеня 1990 году людзі віталі «дэпутатаў незалежнасьці». ВІДЭАСапраўды, у Беларусі не было так, як у Літве ці Латвіі. Але і ўмовы, у якіх жыў беларускі народ у ХХ стагодзьдзі, былі іншымі — два стагодзьдзі пад Расейскай імпэрыяй і сем дзесяцігодзьдзяў пад імпэрыяй камуністычнай. У 1990-м латыш мог сказаць сыну: «Калі мы жылі ў незалежнай Латвіі...». У Беларусініхто ня мог распавесьці сыну ці нават унуку пра досьвед жыцьця ў незалежнай краіне; у заходніх рэгінах маглі толькі распавесьці, як «было пры Польшчы».
1994 год паказаў, што Незалежнасьць не зрабілася для большасьці беларусаў каштоўнасьцю — людзі прагаласавалі за чалавека, які, па сутнасьці, абяцаў аднаўленьне імпэрыі.
Але праз 26 гадоў гэты чалавек зробіць Незалежнасьць асноўным тэзісам сваёй агітацыі (праўда, у шчырасьць ягоных лёзунгаў ужо мала хто паверыць).
Такія вось парадоксы стварае Час.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.