Што рабілі ў выходныя кандыдаты ў прэзыдэнты Дзьмітрыеў, Канапацкая і Чэрачань

Дзьмітрыеў ў нядзелю праводзіць мітынг у Менску, Канапацкая - нараду са сваёй камандай пра стратэгію кампаніі і стварэньне партыі, Чэрачань апублікаваў праграмны тэкст супраць бюракратызму.

Дзьмітрыеў: Мітынг да гадавіны дэклярацыі аб сувэрэнітэце

У Андрэя Дзьмітрыева сёньня мітынг у парку Дружбы народаў у Менску. Акцыя прысьвечаная 30-й гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Дэвіз акцыі: Незалежнасьць — гэта людзі.

Андрэй Дзьмітрыеў на пікеце ў Стоўпцах

У запрашэньні на мітынг было сказана: «30 гадоў таму, 27 ліпеня, была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. З 1991 году была абвешчаная Рэспубліка Беларусь, а 27 ліпеня — стала датай Дня Незалежнасьці і было нацыянальным сьвятам да рэфэрэндуму 1996 году. Сёньня пытаньне аб сувэрэнітэце стаіць як ніколі востра. Яго нельга прадаваць за зьніжкі на нафту або газ. Гэта тое, што мы ўсе разам павінныя захоўваць усімі сіламі. Гэта адна з самых вялікіх каштоўнасьцяў кожнага беларуса».

Канапацкая: Рыхтуецца да сустрэчаў на прадпрыемствах і стварэньня партыі

Ганна Канапацкая паведаміла ў Фэйсбуку, што 26 ліпеня сустрэлася з чальцамі свайго штабу і даверанымі асобамі. На нарадзе разглядаліся два пытаньні: вядзеньне перадвыбарчай агітацыі і стварэньне палітычнай партыі.

Тэлевыступ Ганны Канапацкай, 21 ліпеня 2020

Паводле кандыдаткі ўсе пагадзіліся з адмовай ад правядзеньня пікетаў з улікам пагрозаў, якія, паводле яе, паступаюць на адрас кандыдаткі, яе дзяцей і яе давераных асобаў.

Канапацкая на сустрэчы заявіла, што ўлада засяроджаная на барацьбе зь іншадумствам і пратэстнымі настроямі і таму няздольная абараніць каго б то ні было, акрамя сябе, што робіць вулічную агітацыю небясьпечнай. Да таго ж месцы, якія ўлада вызначыла для пікетаў, больш падыходзяць для выгулу сабак. Таму стаўка будзе рабіцца на сустрэчы на прадпрыемствах, дзе ёсьць магчымасьць забясьпечыць людзям належную бясьпеку. Паводле Канапацкай, на гэтым тыдні штаб разаслаў лісты на найбуйнейшых прадпрыемствы краіны з просьбай даць магчымасьць кандыдатцы сустрэцца зь іх працоўнымі калектывамі.

Самым важным пытаньнем Канапацкая назвала стварэньне партыі. Яна мае намер абвясьціць пра яе стварэньне падчас свайго другога выступу на БТ.

Сяргей Чэрачань: Маніфэст супраць бюракратызму

Сяргей Чэрачань пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, 14 ліпеня 2020

Сяргей Чэрачань апублікаваў у сябе ў ФБ праграмны тэст пра бюракратызм, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца: «Я думаю, што карані праблемы бюракратыі зьвязаныя з аўтарытарнай уладай, бо гэта ўсё ж такі частка дзяржаўнага ладу. У эўрапейскіх краінах большасьць працэсаў кантралюе грамадзянская супольнасьць, а ў Беларусі — адзін чалавек. Бюракратызм — яшчэ адзін фактар, які не дазваляе Беларусі дагнаць разьвітыя краіны. Беларускі бізнэс скоўваюць шмат састарэлых бессэнсоўных правілаў і працэдураў, трэба правесьці іх пільны аўдыт і пазбавіцца ад тых, якія толькі перашкаджаюць бізнэсу працаваць Гэтак жа трэба скараціць паўнамоцтвы бясконцых праверак і скасаваць усе лішнія».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.