COVID-19: у шэрагу краінаў ЭЗ вяртаюць абмежаваньні, першы выпадак ў КНДР, рост сьмерцяў у ЗША

Брытанскія ўлады зноў абавязалі самаізалявацца на 14 дзён тых, хто вяртаецца з Гішпаніі, у ЗША працягвае расьці колькасьць сьмерцяў ад Covid-19. Тым часам у КНДР зафіксаваны першы афіцыйны выпадак захворваньня. Пра гэта паведамляе ВВС.

Ва ўсім сьвеце па стане на нядзелю налічваецца 16 мільёнаў інфікаваных каранавірусам, за апошнія тры дні лік новых інфіцыраваных узрастаў на 280 тысячаў чалавек кожныя содні.

Прыкладна кожны чацьвёрты выпадак захворваньня прыпадае на ЗША. У шпіталі Starr County у штаце Тэхас лекары стварылі «сьмяротную камісію», каб вырашаць, каго з хворых ратаваць у першую чаргу.

У Мэксыцы зарэгістраваны адзін з самых высокіх узроўняў сьмяротнасьці ад COVID-19: 43,5 тысячы пры агульнай колькасьці інфікаваных у больш чым 385 тысячаў.

Першы выпадак у КНДР

Паўночная Карэя паведамляе пра «першае ў краіне падазрэньне на каранавірус». Як перадае агенцтва KCNA, захворваньне выяўленае ў чалавека, які тры гады таму стаў перабежчыкам у Паўднёвую Карэю, але на мінулым тыдні перасек дэмаркацыйную лінію, вярнуўшыся на радзіму.

Лідэр краіны Кім Чэн Ын правёў з гэтай нагоды надзвычайнае пасяджэньне з чальцамі ўраду і ўвёў карантынныя меры ў памежным горадзе Кэсон.

Кім Чэн Ын

Раней КНДР заяўляла, што ня мае выпадкаў СOVID-19, што, па словах аналітыкаў, малаверагодна.

KCNA таксама паведаміла, што Кім Чэн Ын прызначыў правесьці расьсьледаваньне абставінаў таго, як гэты перабежчык змог перайсьці мяжу, папярэдзіўшы, што адказных за гэта чакае сур’ёзнае пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўночнай Карэі западозрылі першы выпадак каранавірусу

Між тым, Паўднёвая Карэя не паведамляла пра незаконныя выпадкі пераходу мяжы за апошнія дні.

Брытанія баіцца ўвозу інфэкцыі

Улады Брытаніі вырашылі паўторна ўвесьці абавязковы двухтыднёвы карантын для ўсіх, хто прыяжджае з Гішпаніі, пасьля рэзкага росту колькасьці інфікаваных каранавірусам у гэтай краіне. МЗС Брытаніі параіў грамадзянам па магчымасьці ўстрымацца ад паездак у Гішпанію.

Новыя захады выклікалі крытыку з боку брытанскіх турапэратараў і авіякампаній. У прыватнасьці, British Airways заявіла, што ўвядзеньне абмежаваньняў «ператворыць адпускныя пляны тысяч брытанцаў у хаос».

Раней улады Гішпаніі абвясьцілі аб увядзеньні новых мераў па барацьбе з распаўсюдам каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў карантынам «за свой кошт» тым, хто паедзе адпачываць за мяжу

Як паведамляе газета El Pais, празь месяц пасьля зьняцьця карантынных абмежаваньняў колькасьць хворых на каранавірус рэзка ўзрасла, у прыватнасьці, у Барсэлёне, Сарагосе і Мадрыдзе.

Калі ў чэрвені міністэрства здароўя Гішпаніі штодня фіксавала толькі каля 250 новых заражаных па ўсёй краіне, то на гэтым тыдні ў дзень фіксавалася каля 1,5 тысячаў новых заражэньняў.

Улады Каталёніі ўжо абвясьцілі аб закрыцьці ўсіх начных клюбаў і бараў рэгіёну на бліжэйшыя два тыдні. У Барсэлёне ўвялі абмежаваньні на наведваньне пляжаў, адмененыя культурныя і спартовыя мерапрыемствы, людзям забаронена зьбірацца ў кампаніі з больш чым 10 чалавек.

У Андалюсіі таксама ўведзеныя абмежаваньні на працу начных рэстаранаў, у многіх правінцыях краіны зноў уведзены абавязковы масачны рэжым.

Сытуацыя ў Гішпаніі выклікала занепакоенасьць іншых краін Эўропы. Акрамя Брытаніі, карантын для тых, хто прыяжджае з Гішпаніі, увяла Нарвэгія, а ўлады Францыі параілі грамадзянам устрымацца ад наведваньня Каталёніі.

Якая сытуацыя ў іншых краінах Эўропы?

Аб росьце колькасьці інфікаваных СOVID-19 на гэтым тыдні загаварылі ў многіх краінах Эўразьвязу. Тым не менш, большасьць эўрапейскіх краінаў пакуль устрымліваюцца ад паўторнага ўвядзеньня жорсткіх абмежаваньняў, але пры гэтым захоўваюць або робяць больш жорсткімі правілы ўезду ў краіну.

Так, Італія ўвяла карантын для тых, хто прыяжджае з Румыніі і Баўгарыі, а прэмʼер-міністар Францыі Жан Кастэкс абвясьціў аб абавязковым тэставаньні на каранавірус усіх, хто прыяжджае з 16 краінаў са складаным эпідэміялягічным становішчам.

Аўстрыя з панядзелка таксама робіць больш жорсткімі правілы ўезду з краінаў з неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай.

Нямеччына, у сваю чаргу, можа ўвесьці абавязковыя тэсты на каранавірус для ўсіх грамадзянаў, якія вяртаюцца з адпачынку ў краінах з высокімі ўзроўнямі заражэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 130 выпадкаў і 4 прызнаныя сьмерці. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 26 ліпеня


Глябальны рост колькасьці заражаных працягваецца

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) папярэджвае, што сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу ў сьвеце працягвае заставацца напружанай.

Асабліва трывожная сытуацыя складваецца ў Індыі, дзе ўжо зафіксавана больш за 1,3 мільёны выпадкаў заражэньня, зь іх 100 тысяч — усяго за два апошнія дні. Эпідэміёлягі таксама занепакоеныя сытуацыяй у ЗША і Бразыліі, дзе пандэмія ўсё яшчэ не слабее.

Пандэмія набірае абароты і ў краінах Афрыкі: горш за ўсё справы ідуць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе зафіксавана больш за 420 тысяч выпадкаў заражэньня. Рост колькасьці заражаных таксама зафіксаваны ў Паўднёвай Карэі і Японіі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ