Верагодны носьбіт вірусу прыбыў у Паўночную Карэю з Паўднёвай, яго ізалявалі. Лідэр КНДР Кім Чэн Ын правёў экстранае пасяджэньне ў сувязі з сытуацыяй у Кэсон, дзе ўвялі локдаўн, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).
Улады Паўночнай Карэі праз больш як шэсьць месяцаў ад пачатку пандэміі заявілі пра магчымае пранікненьне каранавірусу SARS-CoV-2 у горад Кэсон. Меркаваны носьбіт вірусу вярнуўся ў КНДР 19 ліпеня з Паўднёвай Карэі, куды зьбег 3 гады таму. Паводле ЦТАК, з 24 ліпеня ў Кэсоне дзейнічае локдаўн.
Дзяржаўнае агенцтва не ўдакладніла, ці здаваў гэты чалавек тэст на наяўнасьць вірусу. Вядома, што ў яго зьявіліся сымптомы захворваньня на COVID-19. Магчымага носьбіта вірусу накіравалі на карантын. Улады ўсталёўваюць сьпіс асобаў, зь якімі ён кантактаваў.
Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын правёў экстранае пасяджэньне палітбюро ЦК Працоўнай партыі Карэі ў сувязі з сытуацыяй.
Вірус SARS-CoV-2 знойдзены прыкладна ў 16 мільёнаў жыхароў плянэты, а звыш 640 тысяч чалавек памерлі ад наступстваў COVID-19. Больш за ўсё выяўленых заражэньняў (4,16 млн) і сьмяротных зыходаў (звыш 146 тысяч) — у ЗША.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ