У Бабруйску на пікет Ціханоўскай сабралася рэкордная колькасьць людзей

Бабруйск, 25 ліпеня

У Бабруйску на агітацыйны пікет прэтэндэнткі на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай і яе партнэрак па аб‘яднаным выбарчым штабе Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай сабралася больш за 6000 чалавек.

Ён праходзіў у вызначаным уладай для перадвыбарчай агітацыі месцы на стадыёне на вуліцы Ўрыцкага. Спартовая пляцоўка была поўная людзей.

Пачаўся пікет а 21-й гадзіне. Калі сьцямнела людзі ўключылі ліхтарыкі.

Жанчыны-палітыкі заклікаюць бабруйчанаў не галасаваць датэрмінова, запісвацца ў назіральнікі, не баяцца выказваць свае думкі ўладзе, павязваць пазнавальныя белыя стужкі як сымбаль справядлівых выбараў. Зьвяртаюцца да чыноўнікаў, судзьдзяў і сілавікоў ня ісьці супраць волі народу, а станавіцца побач зь ім. Паводле «баявых сябровак», так выступоўкі называюць сваю каманду, беларусы дамагаюцца пераменаў мірнымі сродкамі.

«Разам мы пераможам. Ня бойцеся, нас бальшыня. Разам ня страшна», — паўтараюць са сцэны палітыкі.

Прамовы жанчын перапыняюцца воплескамі і воклічамі «Жыве Беларусь», «Свабоду палітвязьням», «Ганьба», «Верым, можам, пераможам». Над грамадой багата бел-чырвона-белых сьцягоў і іншай нацыянальнай атрыбутыкі. Ёсьць і дзяржаўная сымболіка.

У гутарках з журналістамі бабруйцы кажуць, што чакаюць палітычных, эканамічных і сацыяльных пераменаў. Цяпер жа сутыкаюцца з свавольствам улады, адсутнасьцю працоўных месцаў з годным заробкам ды перасьледам за іншадумства.

«Краіна спынілася ў разьвіцьці. У нас тое, што называлася ў Савецкім Саюзе застоем. Я пэнсіянэр, мне ўсяго хапае, а як далей дзецям жыць...» — выгаворвае журналісту 65-гадовы пэнсіянэр.

Сама Ціханоўская кажа, што палітыкам вымушана была стаць, калі пасадзілі яе мужа. Паводле яе «каханьне падштурхнула да гэтага». Яна просіць людзей самаарганізоўвацца, абяцае пасьля перамогі вызваліць усіх палітзьняволеных, а на працягу паўгода правесьці «справядлівыя выбары». У іх возьмуць удзел тыя, каму цяперашняя ўлада гэтага не дазволіла. Найперш назвала свайго мужа, Бабарыку і Цапкалу, якіх «самым гнюсным чынам зьнялі з выбараў».

«Улада, зьняўшы іх, не падумала, што толькі ўсё пачынаецца, — даводзіць яна. — Аб’яднаньне штабоў называе самым разумным крокам».

«Разам мы пабудуем краіну для жыцьця», — падсумоўвае выступ Ціханоўская.

Марыя Калесьнікава зьвяртаецца да людзей па-беларуску. Называе бабруйцаў непаўторнымі. Дзякуе работнікам бабруйскай фабрыкі «Славянка» за тое, што шыла маскі мэдыкам. «Улада прымушае думаць, што мы ўсё робім ня так, але гэта яна ўсё робіць ня так», — кажа Калесьнікава.

Яна нагадвае, як Лукашэнка назваў Бабруйск «сьвінарнікам».

«Наша жыцьцё — гэта гісторыя 26-гадовага змаганьня за свабоду», — прамаўляе Калесьнікава.

«Дзяўбсьці гэтую ўладу!» — зьвяртаецца яна да грамады. Тая адказвае: «Жыве Беларусь!» Вераніка Цапкала кажа, што ўлада выкарыстоўвае дзяцей, каб націснуць на яе і на Ціханоўскую.

«Мы ня хочам вайны, хочам жыць у мірнай Беларусі. Пра вайну і майдан кажа толькі адзін чалавек. Падтрымайце нас», — зьвяртаецца яна да людзей.

«У вас самы смачны зэфір у сьвеце», — падсумавала Вераніка Цапкала.

Выступае Сьвятлана Ціханоўская

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская з «баявымі сяброўкамі» пачалі ў Бабруйску трэці за дзень перадвыбарчы пікет