Падзеі 25 ліпеня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
25 ліпеня 1984 году памёр беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.
20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча
1997 — памерла Натальля Арсеньнева, беларуская эміграцыйная паэтка. Верш Арсеньневай «Малітва» («Магутны Божа») успрымаецца часткай беларусаў як неафіцыйны гімн краіны.
20 нечаканых фактаў пра Натальлю Арсеньневу
2006 — памёр беларускі пісьменьнік Янка Брыль.
Янка Брыль, чалавек дажджу
Таксама ў гэты дзень
1410 — войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу сталіцы Тэўтонскага ордэну, Марыенбургу (сёньня горад Мальбарк у Польшчы). Аблога крыжацкага замку ў Марыенбургу — найбольшай фартэцыі ў тагачаснай Эўропе — працягвалася два месяцы, але закончылася бяз посьпеху. Абаронца Марыенбургу Генрых фон Пляўэн зрабіў сабе рэпутацыю выратавальніка крыжацкага ордэну ад татальнага зьнішчэньня.
1550 — у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца Узда (як двор Корсакаў у Менскім павеце). Сёньня гэта горад, цэнтар Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці.
1853 — у Менску стварылі першую прафэсійную пажарную каманду.
1917 — у Менску скончыўся Зьезд беларускіх арганізацыяў i партыяў, які ўтварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацыяў. Рада імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Друкаваны орган рады — газэта «Вольная Беларусь». У склад выканаўчага камітэту былі выбраныя Уладзімер Галубок, Язэп Лёсік, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі. Дамінавалі ў Радзе прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады. Пасьля рэарганізацыі ў кастрычніку Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў ператварылася ў Вялікую беларускую раду.
У гэты дзень нарадзіліся
1903 — беларускі вучоны батанік-дэндроляг Мікалай Несьцяровіч, акадэмік АН БССР. Асноўныя працы прысьвечаны інтрадукцыі і акліматызацыі драўняных расьлін.
1936 — беларускі архітэктар Леанід Левін, адзін са стваральнікаў мэмарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Яма».
1937 — беларускі кампазытар Дзьмітры Смольскі, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі.
У памяці
1877 — Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік «Слоўніка беларускай мовы».