Былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якога ЦВК не зарэгістравала кандыдатам, Валер Цапкала плянуе вярнуцца ў Беларусь, магчыма, яшчэ да асноўнага дня галасаваньня на выбарах, 9 жніўня.
Пра свой ад’езд, яго прычыны, пляны за мяжой і ўмовы для вяртаньня Валер Цапкала расказаў Tut.by праз тэлефон.
Пра прычыны ад'езду ў Маскву
Як сказаў Валер Цапкала, ён мае добрых сяброў у праваахоўных органах і атрымаў два папярэджаньні, што яго могуць арыштаваць. Першы раз тэлефанавалі тыдні два таму, яшчэ да пасяджэньня ЦВК аб рэгістрацыі, другі раз — нядаўна.
«Калі з аднаго органа з трох літар паступілі зьвесткі, я часова вырашыў не паказваць, дзе я знаходжуся. Але калі ўжо з другога органа з трох літар мне сказалі дакладна, што дадзеная каманда аб маім арышце, я пачаў падумваць аб тым, каб зьехаць. І ў гэты час да дзяцей у школу прыйшлі работнікі пракуратуры і пачалі ў настаўнікаў, завуча, дырэктара школы патрабаваць, каб яны падпісвалі нейкія паперы ў дачыненьні да нашага дзіцяці», — кажа Цапкала.
Цапкала ня ведае, што гэта за паперы, але адна з настаўніц прыйшла вельмі ўсхваляваная і расказала ім пра гэта. Тады Валер Цапкала забраў дзяцей і паехаў у Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў у Расею. Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі, удзельнічае ў кампаніі Ціханоўскай
Далейшыя пляны: прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, Украіне, ЭЗ і ЗША
Пакуль Валер Цапкала плянуе праводзіць прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, Ўкраіне, у адной з эўрапейскіх краін (у якой, ён не ўдакладніў) і ў ЗША, дзе будзе расказваць, што адбываецца ў Беларусі, заклікаць Расею, Эўразьвяз і ЗША не прызнаваць выбары, калі тыя будуць фальсыфікаваныя.
Ён хвалюецца за жонку, якая засталася ў Беларусі, разумее, «як можна націснуць», і прывёў прыклад, як калісьці ўлады абышліся з Ірынай Халіп: саму і мужа затрымалі, а дзіця пагражалі забраць.
«Мы ўяўляем сабе гэты рэжым і на што яны здольныя. Калі ўжо каманда пракуратуры высадзілася ў школе дзяцей, то гэта ня проста так. Таму мы ўяўляем, што калі б мы ўдваіх зь Веранікай апынуліся ў гэтай сытуацыі, то гэта была б катастрофа для нашых дзяцей, для нас і той справы, якую мы робім», — сказаў Валер Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала пра ад’езд мужа і дзяцей: «У нас не заставалася выбару, прынялі рашэньне за 5 хвілін»
Чаму Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі
Што да таго, чаму Вераніка Цапкала ня зьехала ў Маскву разам з мужам і дзецьмі, Валер Цапкала адказаў, што паколькі ён можа актыўна як публічная асоба выступаць, езьдзіць па краінах, то абралі такі варыянт:
«Мы зь Веранікай вырашылі, што наша справа, якую я пачаў і якую цяпер працягваюць нашы выдатныя дзяўчаты, павінна быць скончаная, рэжым павінен сысьці».
«Цяпер тры прадстаўніцы штабу вядуць гульню. Гэта адна прычына. Другая — мне брыдка бачыць, як Лукашэнка камэнтуе Сяргея Ціханоўскага, які ня можа адказаць, як ён камэнтуе Бабарыку, кажа, што „ён рыдаў“ — гэта подласьць і мярзота. Ён схаваўся за МУС, КДБ, ахову, і ён выходзіць на тэлебачаньні і кажа такое, калі чалавек ня можа яму адказаць. Гэта не па-мужчынску, я ўжо не кажу, што не па-джэнтэльмэнску, гэта брыдка. І я не хачу апынуцца ў сытуацыі, калі я не змагу яму адказаць», — сказаў Цапкала.
Калі Валер Цапкала вернецца ў Беларусь
Цапкала сказаў, што пазьней, магчыма, зьявіцца на агітацыйным мітынгу ў Менску, але будзе глядзець на сытуацыю і спадзяецца, што знаёмыя з органаў змогуць яму паведамляць больш поўную карціну, што яму могуць інкрымінаваць. Ён, безумоўна, плянуе вярнуцца ў Беларусь пасьля выбараў, але, магчыма, і раней.
«Тут усё будзе залежаць ад зыходу, але калі ў Беларусі будзе горача, я прыеду раней, чым 9 жніўня», — сказаў Цапкала.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.