ГУУС Менгарвыканкаму паведаміла 23 ліпеня пра затрыманьне двух чалавек за спробу нанесьці графіці. Адзін зь іх аказаўся 45-гадовым работнікам банку.
Паводле міліцыі, каля 23.00 дзяжурным Фрунзэнскага РУУС патэлефанавалі з паведамленьнем пра тое, што невядомы пад мостам наносіць «надпісы на плітках і слупах». Затрымалі «даволі сабе дарослага», як піша ГУУС, 45-гадовага работніка аднаго зь менскіх банкаў.
Ён кажа, што выехаў катацца на ровары, меў з сабой фарбу, «зрабіў некаторыя надпісы» на трох слупах і на дарозе, але «выбраў няслушны спосаб прыцягненьня ўвагі» — маўляў, больш так ня будзе. Што за надпісы былі, міліцыя не паведамляе, але называе іх «абразьлівымі».
Супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 341 КК — «апаганьваньне пабудоваў і псаваньне маёмасьці», вінаватаму пагражае штраф або арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на агароджы каля БТ напісалі вялікае пасланьне Лукашэнку. ФОТАДругога згаданага міліцыяй чалавека затрымалі 20 ліпеня каля 2.30 ночы Дэпартамэнтам аховы МУС у Цэнтральным раёне Менску, калі рабіў надпісы на пешаходнай дарожцы на Даўгінаўскім тракце. Гэта аказаўся беспрацоўны 35-гадовы мужчына.
На відэа ён тлумачыць, што ён добрапрыстойны грамадзянін і ня бачыць супярэчаньняў гэтаму ў сваіх дзеяньнях — маўляў, хацеў «выказаць сваю думку», па-іншаму не атрымліваецца.
На яго склалі пратаколы за «дробнае хуліганства» (арт.17.1 КаАП) і «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» (арт. 23.4 КаАП), суд пакараў яго 10 днямі арышту.