Масква правяла ў космасе выпрабаваньне праціспадарожнікавай зброі. З такой заявай выступілі вайсковыя ведамствы Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў.
15 ліпеня Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб правядзеньні выпрабаваньня новага спадарожніка-інспэктара ў мірных мэтах. Паводле зьвестак амэрыканскага боку, апарат быў выпушчаны побач з іншым расейскім спадарожнікам. У Пэнтагоне лічаць, што такія дзеяньні не адпавядаюць заяўленай місіі спадарожніка-інспэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: Расея правяла выпрабаваньне проціспадарожнікавай ракетыПаводле заявы касьмічнага камандаваньня ЗША, Вашынгтон мае доказы, якія пацьвярджаюць выпрабаваньне расейскай зброі ў космасе. Гэта можа казаць пра тое, што Расея працягвае распрацоўваць і выпрабоўваць сыстэмы касьмічнага базаваньня, лічыць Пэнтагон.
Вялікая Брытанія заявіла, што Расея запусьціла снарад з аднаго свайго спадарожніка ў іншы. Пры гэтым абломкі маглі пагражаць важным касьмічным сыстэмам і спадарожнікам іншых краін. Лёндан заклікаў Маскву ўстрымацца ад падобных выпрабаваньняў у будучыні.
Як адзначае Бі-Бі-Сі, за апошнія дзесяцігодзьдзі толькі чатыры краіны — Расея, ЗША, Кітай і Індыя — дэманстравалі проціспадарожнікавыя сыстэмы. Цікавасьць да такой зброі расьце ва ўсім сьвеце з улікам выкарыстаньня касьмічных апаратаў для збору інфармацыі, сувязі, навігацыі і далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня.
Міністэрства абароны Расеі заявы ЗША і Брытаніі пакуль не пракамэнтавала. Раней Масква заяўляла, што праводзіць працы ў космасе ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права.