Ніводнага пытаньня пра выбары. Як прайшла сустрэча з аглядальнікам БТ, які стаў даверанай асобай Лукашэнкі

Сустрэча з даверанай асобай Лукашэнкі, Менск, школа № 141.

На сустрэчы з даверанай асобай Лукашэнкі ў менскай школе № 141 не задалі ніводнага пытаньня пра выбары і ні разу не спыталі пра самога Лукашэнку. За 47 хвілін, якія доўжылася сустрэча, палітычны аглядальнік БТ, старшыня праўладнага Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў спрабаваў адказаць на пытаньні пра паркоўкі, тратуары і інтэрнаты для настаўнікаў.

«А гэта ўвогуле агітацыя?» — абмяркоўваюць паміж сабой настаўнікі імпрэзу, якая праходзіць у школе ў Заводзкім раёне Менску.

Сустрэча з палітычным аглядальнікам тэлеканалу «Беларусь-1» сапраўды ніяк не выглядала падобнай да агітацыі. За першыя дзесяць хвілін Андрэй Крывашэеў расказаў, як ён увогуле стаў даверанай асобай кіраўніка дзяржавы. Па яго словах, справа ў тым, што ён давярае дзейнаму прэзыдэнту, а прэзыдэнт давярае яму.

Потым Крывашэеў коратка перадаў асноўныя тэзы сустрэчы з Лукашэнкам 22 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто будзе дапамагаць Лукашэнку заступіць на шосты прэзыдэнцкі тэрмін 

Самым гарачым момантам было галасаваньне за тое, ці дазволіць апэратару БелаПАН здымаць сустрэчу на відэа.

«Бо я ведаю, што на такіх сустрэчах могуць уздымацца асабістыя пытаньні, і людзі не хацелі б, каб гэта трапляла ў СМІ», — так патлумачыў Крывашэеў сваю прапанову.

Здымаць на відэа сустрэчу журналісту забаранілі. Іншым прапанавалі працаваць у рэжыме Chatham House — пісаць пра імпрэзу можна, але нельга пазначаць, каму канкрэтна належаць словы.

«Задасі пытаньне — яшчэ прэміі пазбавяць», — абмяркоўваюць настаўнікі тое, што адбываецца ў актавай залі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ж адна сыстэма». Што сябры выбаркамаў робяць у грамадзкіх прыёмных кандыдата Лукашэнкі?

За 47 хвілін сустрэчы Андрэю Крывашэеву не задалі ніводнага пытаньня пра выбары. Паводле ўдзельнікаў, імпрэза хутчэй нагадвала сустрэчу з кіраўніком ЖЭСу ці, сама больш, старшынём адміністрацыі Заводзкага раёну. Вось пра што задавалі пытаньні Крывашэеву:

  • праблема з паркоўкамі ў раёне заводу МАЗ;
  • асфальтаваньне сьцежкі каля школы;
  • праблема зь зялёнымі насаджэньнямі ў дварах;
  • будаўніцтва інтэрнату для настаўнікаў.

Прагучала адно «прафэсійнае» пытаньне. Адна з настаўніц паскардзілася на так званы «всеобуч» – абавязак абыходзіць сем’і вучняў два разы на год. Крывашэеў пры настаўніках пазваніў міністру адукацыі Карпенку, каб высьветліць, ці можна гэта адмяніць. Міністар запэўніў, што так і трэба, гэта прадугледжана заканадаўствам, і ўвогуле настаўнікам могуць за гэта даплачваць.

«Ніхто нам за гэта не даплачвае», — чуліся рэплікі з залі.

Гэта было адзінае вострае пытаньне да «чалавека прэзыдэнта».

Менш як праз гадзіну сустрэча скончылася. На яе прыйшлі каля 80 чалавек.

«Калі больш няма пытаньняў і ўсе стаміліся, можна разыходзіцца па дамах», — скончыў сустрэчу Андрэй Крывашэеў.

Карэспандэнт Свабоды спрабаваў пацікавіцца ўражаньнямі ад сустрэчы ў тых, хто прыйшоў. Але абсалютна ўсе адмаўляліся гаварыць на камэру.

«Ды мы самі не зразумелі, што гэта было», —– сказала адна настаўніца. Але потым папрасіла выдаліць запіс, бо ў яе за гэтыя словы могуць быць праблемы ў школе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.