Крэдытныя рэсурсы Сусьветнага банку будуць накіраваныя на закуп 460 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэта прадугледжана пагадненьнем паміж Беларусьсю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (Сусьветным банкам), якое 23 ліпеня зацьвердзіў сваім указам Аляксандар Лукашэнка.
Па ўмовах пагадненьня прадугледжваецца, што Сусьветны банк пазычае 90 млн эўра Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру мэдыцынскіх тэхналёгій, інфарматызацыі, кіраваньня і эканомікі аховы здароўя.
«За кошт атрыманых сродкаў заплянаваная закупка абсталяваньня для аддзяленьняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, для службы хуткай мэдычнай дапамогі, а таксама набыцьцё 20 кампутарных тамографаў, тэст-сыстэм для дыягностыкі інфэкцыі, сродкаў індывідуальнай засьцярогі і лекаў», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў перамогу над каранавірусам у БеларусіАкрамя таго, для аддзяленьняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі будзе закуплена 460 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), 350 наркозна-дыхальных апаратаў, 200 апаратаў для высокапатокавай CPAP-тэрапіі, 800 манітораў пацыента, 30 перасоўных рэнтген-апаратаў, 22 апараты для замяшчальнай нырачнай тэрапіі.
Беларускія ўлады сёлета вясной зьвярнуліся да Сусьветнага банку яшчэ па адзін крэдыт — на 300 млн даляраў. Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку Алекс Крэмэр, адказваючы на пытаньне БелаПАН падчас онлайн-канфэрэнцыі ў канцы траўня, даў зразумець, што вынікі перамоваў па гэтай тэме складана прадказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працы стала яшчэ больш», — лекарка пра паўторныя шпіталізацыі з пнэўманіяй і «камічныя» даведкі пра сьмерцьПры гэтым ён выказаў здагадку, што гаворка можа ісьці аб выдзяленьні Сусьветным банкам рэсурсаў на фінансаваньне сацыяльных выдаткаў у Беларусі.
«Мы рады атрымаць запыт на прадстаўленьне фінансаваньня ад беларускага ўраду, які нам расказаў пра свае пляны павысіць дапамогу па беспрацоўі. Мы лічым, што гэта сапраўды добра, і мы пастараемся папрацаваць па гэтым пытаньні. Не хачу зараз спэкуляваць, мы паглядзім, якія дапамогі ў выніку мы падтрымаем», — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ