23 ліпеня перад мітынгам кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве затрымалі карэспандэнтаў «Белсату» Алену Шчарбінскую і Віталя Дубовіка, паведамляе тэлеканал.
Алену Шчарбінскую неўзабаве адпусьцілі. Апэратар Віталь Дубік на момант публікацыі заставаўся ў міліцыі.
Паводле Алены Шчарбінскай, нагодай для затрыманьня стала праверка іхнага аўтамабіля. Паводле міліцыі, падобная машына нядаўна ўчыніла ДТЗ. Журналістаў «Белсата» ня раз затрымлівалі «для праверкі аўтамабіля».
У Менску падчас запісу камэнтару затрымалі карэспандэнта «Белсата» Арцёма Ляву і знанага эканаміста Сяргея Чалага. Іх завезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Барысаве перад пікетам Ціханоўскай затрымалі актывістаў «Народнай Грамады» і «Эўрапейскай Беларусі»Раней стала вядома, што ў Барысаве на падыходзе да агітацыйнага пікету Ціханоўскай затрымалі актывістаў «Народнай Грамады» і «Эўрапейскай Беларусі».
Вядома, што затрымалі Алену Філатаву, Андрэя Кірэева, Вольгу Мікалайчык, Андрэя Войніча. Магчыма, затрыманых больш. Як паведаміў актывіст Валянцін Троцкі, таксама няма сувязі з Валянцінам Фраловым і іншымі актывістамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Машыны Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкала ДАІ адпусьціла пасьля праверкі дакумэнтаўАгітацыйны пікет з кандыдаткай у прэзыдэнты Святланай Ціханоўскай у Барысаве заплянаваны на 23 ліпеня, 19:00.
За 50 кілямэтраў ад Менску ДАІ спыніла машыны аб’яднанага штабу Ціханоўскай, якія ехалі на пікет у Барысаў. Пасьля праверкі дакумэнтаў машыны адпусьцілі. Прадстаўніцы аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай прыехалі ў Барысаў а 19:20.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.