Вярхоўны суд адмовіўся заводзіць справу па скарзе Бабарыкі аб нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Вярхоўны суд адмовіў у завядзеньні грамадзянскай справы па скаргах Віктара Бабарыкі на пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Пра гэта сказана ў вызначэньні, апублікаваным на сайце суду.

У ім сказана, што ч. 5 арт. 68 /1 Выбарчага кодэксу прадугледжвае, што асоба, якая вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, можа абскардзіць рашэньне ЦВК у трохдзённы тэрмiн з дня прыняцьця рашэньня.

«Гэты тэрмін зьяўляецца спыняльным і аднаўленьню не падлягае. З прадстаўленых матэрыялаў відаць, што скаргі Бабарыкі В. Д. на пастанову ЦВК ад 14 ліпеня падпісаныя заяўнікам 17 ліпеня і ў той жа дзень накіраваныя ў Вярхоўны Суд, што сьведчыць пра пропуск Бабарыкам В. Д. вызначанага Выбарчым кодэксам тэрміну. Пры такіх абставінах прававыя падставы для прыняцьця да разгляду скаргаў Бабарыкі адсутнічаюць. У сувязі з гэтым у завядзеньні справы варта адмовіць», — сказана ў вызначэньні суду.

Вызначэньне ўступае ў законную сілу неадкладна і абскарджаньню (апратэставаньню) у апэляцыйным парадку не падлягае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаргу ў КДБ ужо займаюць». Юрыст Бабарыкі пра адмову Вярхоўнага суду прыняць скаргу бяз подпісу кандыдата

Юрыст: магчымасьць падпісаньня і адпраўкі скаргі была абмежаваная

Як камэнтуе рашэньне суду юрыст Бабарыкі Максім Знак, паводле вызначэньня, трохдзённы тэрмін па рашэньні, вынесенаму 14 ліпеня, мінуў 16.07, а не 17.07, аднак спэцыяльных нормаў аб парадку вылічэньня працэсуальных тэрмінаў выбарчае заканадаўства Беларусі не ўтрымлівае.

Разам з тым, згодна з арт. 150 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу (ГПК), цячэньне працэсуальных тэрмінаў пачынаецца на наступны дзень пасьля каляндарнай даты цi наступленьня падзеі, якімі вызначаны іх пачатак.Улічваючы, што пастанову вынесьлі 14 ліпеня, уручылі заяўніку 15 ліпеня — у дзень, зь якога пачата цячэньне працэсуальнага тэрміну, паводле юрыста, трохдзённы тэрмін заканчваецца 17 ліпеня.

Таксама, згодна з арт. 154 ГПК, калі працэсуальны тэрмін прапушчаны па прычыне, прызнанай уважлівай, суд можа аднавіць яго. Адвакат адзначае, што ўважлівасьць прычын пацьвярджаецца, у прыватнасьці тым, што:

  • Пастанову аб нерэгістрацыі Бабарыкі ўручылі пасьля 12 гадзін дня 15 ліпеня, пры гэтым 15 ліпеня адмовілі ў азнаямленьні з асноўным дакумэнтам, на падставе якога прымалі Пастанову (ліст КДК РБ),
  • падрыхтоўка поўнага тэксту скаргі патрабавала аналізу вялікага масіву дадзеных і атрыманьня інфармацыі з розных крыніц, уключаючы замежныя,
  • 17 лiпеня поўны тэкст скаргі далі для падпісаньня Віктару Бабарыку, аднак магчымасьць падпісаньня і адпраўкі скаргі, з улікам знаходжаньня Бабарыкі ў турме была абмежаваная.

«Знаходзячыся ў СІЗА, Бабарыка ня меў магчымасьці заслухаць абвяшчэньне рашэньня ЦВК, ня меў магчымасьці яго прачытаць, ня меў магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі пакладзенымі ў аснову рашэньня», — адзначае Максім Знак.

Юрыст будзе пісаць заяву аб аднаўленьні тэрміну на падачу скаргу і падаваць наглядную скаргу адразу пасьля атрыманьня засьведчанай копіі судовай пастановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скарга Бабарыкі на нерэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты паступіла ў Вярхоўны Суд

15 ліпеня давераная асоба Віктара Бабарыкі адвакат Максім Знак падаў у Вярхоўны суд скаргу на нерэгістрацыю, падпісаную ім ад імя Віктара Бабарыкі. Вярхоўны суд адмовіў у завядзеньні справы, патлумачыўшы гэта тым, што права на абскарджваньне дадзена законам толькі асобе, якая вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты.

21 ліпеня ў Вярхоўны суд паступіла скарга, падпісаная непасрэдна Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ. «Вярхоўны суд пацьвердзіў атрыманьне скаргі ад Віктара Бабарыкі, адпраўленай спэцсувязьзю СІЗА КДБ 17 ліпеня. Скарга лічыцца пададзенай у межах устаноўленага трохдзённага тэрміну», — напісаў у Фэйсбуку Максім Знак.

Раней Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на нерэгістрацыю кандыдатам Валерыя Цапкалы і вырашыў пакінуць бязь зьменаў рашэньне ЦВК.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.