У штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай паведамілі, што разаслалі каля 40 заявак на буйныя прадпрыемствы для сустрэч з працоўнымі калектывамі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Падчас збору подпісаў у правядзеньні такіх сустрэч на прадпрыемствах адмаўлялі, спасылаючыся на эпідэмію каранавірусу.
«Апроч таго, праз нашых актывістаў у рэгіёнах мы спрабуем арганізаваць сустрэчы ў закрытых памяшканьнях, але ў такіх месцах, куды людзі ходзяць. Бо на пляцоўкі для выгулу сабак, дзе вызначаныя ўладамі месцы для пікетаў, людзі ня ходзяць. Я думаю, што першая рэгіянальная паездка можа адбыцца ў самыя бліжэйшыя дні», — сказаў прадстаўнік штабу Ігар Лялькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганна сваёй адыёзнасьцю падае нам сыгналы». Былы памочнік Канапацкай пра яе паводзіныПрэс-сакратарка Тацяна Палякова сказала карэспандэнту Свабоды, што ўлада «стварае такую сытуацыю ў краіне, што праводзіць паўнавартасную кампанію і весьці агітацыю немагчыма». Правядзеньне пікетаў у штабе лічаць неэфэктыўным.
«То бок умовы ствараюцца такія, каб выбарчая кампанія ў краіне прайшла як мага больш непрыкметна, каб максымальна не падпусьціць усіх кандыдатаў да сваіх выбаршчыкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ведаю сям’ю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў». Міхаіл Чыгір узначаліў штаб КанапацкайПаводле Тацяны Паляковай, у штабе не складаюць плянаў нават на тыдзень, бо ўсё вельмі хутка мяняецца, усё непрадказальна.
«Кампанія вельмі нэрвовая, усё сумна і непрадказальна, нешта плянаваць няма сэнсу, — кажа Тацяна Палякова. — У нас цяпер праблема зусім іншага кшталту: Ганьне пачалі пагражаць, і нам тут трэба разабрацца і зразумець, адкуль ногі растуць».
Пагрозы праз тэлефон паступалі дачцэ Ганны Канапацкай, якая цяпер у Аўстрыі, і самой Тацяне Паляковай. Што за пагрозы, Палякова не ўдакладніла.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.