Цэнтравыбаркам адмовіўся даць на азнаямленьне адвакатам Віктара Бабарыкі ліст з Камітэту дзяржкантролю, на падставе якога яму было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
Пра гэта паведаміў абаронца экс-банкіра Максім Знак падчас адказаў на пытаньні падпісчыкаў youtube-каналу, паведамляе БелаПАН .
На адпаведны запыт у ЦВК было заяўлена, што ліст нельга абнародаваць, бо зьмяшчае інфармацыю з матэрыялаў крымінальнай справы, а ўсе неабходныя зьвесткі адлюстраваныя ў пастанове камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скарга Бабарыкі на нерэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты паступіла ў Вярхоўны СудРаней Вярхоўны суд пацьвердзіў атрыманьне 21 ліпеня з СІЗА КДБ скаргі Віктара Бабарыкі на адмову Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты.
«Спадзяемся, што ў трохдзённы тэрмін будзе прызначаны час разгляду скаргі і можна будзе аргумэнты, выкладзеныя ў скарзе, прыпаднесьці суду», — сказаў адвакат падчас стрыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка запатрабаваў абвергнуць зьвесткі зь сюжэтаў тэлеканалу «Беларусь-1»Перад гэтым Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Бабарыкі, пададзеную яго адвакатам па даверанасьці, без подпісу самога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.
Максім Знак паведаміў, што на гэтае рашэньне суду пададзеная скарга ў парадку нагляду, паколькі мае месца тлумачэньне, «адрознае ад агульнапрынятых падыходаў»: ня толькі ў Выбарчым кодэксе, а і ў іншых заканадаўчых актах не напісана пра адваката, а толькі «пра асобу, якая абараняе сваё права».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.