Лукашэнка ізноў заявіў, што ў 1994 годзе «мы» былі «без штаноў» і «галодныя».
У апошнія гады існаваньня СССР праблема з таварамі і прадуктамі сапраўды была. Але пасьля дасягненьня Незалежнасьці і пачатку рынкавых рэформаў дэфіцыту ўжо не існавала. Так, у 1994 не хапала грошай, але на прылаўках было ўсё.
Існуюць фота Лукашэнкі з 1994 году: пасьля таго, як яго не пусьцілі ў Дом ураду і ён пабіўся зь міліцыяй, ён паказвае свае штаны, зусім неблагія. Праўда, падраныя.
Увогуле, пачатак 90-х — гэта гады свабоды, гады станаўленьня дэмакратыі, гады новых магчымасьцяў.
Гэта гады нацыянальнага ўздыму, гады Адраджэньня — і менавіта таму Лукашэнка іх ня любіць. Ненавідзіць — і адначасна настальгуе.
Бо ведаеце, чаму яму не дае спакою 1994 год?
А гэта ўспамін пра ягоны самы лепшы час. Калі ён сапраўды меў папулярнасьць у народзе. Калі яму верылі, нават ня ўдумваючыся ў тое, што ён абяцаў (кшталту — «запушчу заводы», «кожнаму дам па тэлевізары»).
Цяпер, што б ён ні казаў — яму ня вераць. І папулярнасьць засталася ў далёкім мінулым.
Такім далёкім, што і не прыгадаеш — хадзіў ты ў штанах ці без штаноў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галодныя, босыя і без штаноў». Лукашэнка прыгадаў, што было да яго абраньня прэзыдэнтам