Юры Ўласаў, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай, падаў у райвыканкамы Гомельскай вобласьці паведамленьні аб правядзеньні агітацыйных пікетаў. Ён атрымаў адказ, што праводзіць агітацыю можна толькі раніцай — ад 8 да 12 гадзіны.
«Нават у выходны дзень! Хто прыйдзе на пікет у будзённы ці выходны дзень а 8-й раніцы? У выканкамах тлумачаць, што іншы, пазьнейшы час ужо заняты даверанай асобай іншага кандыдата, Аляксандра Лукашэнкі. Гэта генэральны дырэктар ААТ „Спартак“ Алег Жыдкоў», — сказаў Свабодзе Юры Ўласаў.
З такой сытуацыяй ён сутыкнуўся ў Жлобіне і Добрушы.
«Наогул, агітацыйны пікет можна ставіць у дазволеным месцы па прынцыпе апавяшчэньня. Мы апавясьцілі выканкамы і нібыта можам праводзіць пікеты. Але намесьнік старшыні Добрускага райвыканкаму Руслан Сікорскі нам адказаў, што калі мы будзем праводзіць пікет пазьней за 12 гадзіну, то гэта будзе несанкцыянаванае мерапрыемства», — кажа Ўласаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭАУ Гомлі ён таксама падаў паведамленьні ў адміністрацыі раёнаў.
«Вусна нам адказалі ў адміністрацыях, што пікеты дазволяць толькі з 8 да 12. Афіцыйную паперку абяцалі даслаць, але ўсё зразумела і так», — дадаў Юры Ўласаў.
Пакуль у Гомельскай вобласьці ў Ціханоўскай узгоднены адзін пікет — у Буда-Кашалёве, а 21-й гадзіне на школьным стадыёне. «Дазволілі толькі адну гадзіну, з 21.00 да 22.00», — удакладніў Уласаў.
З падобнай сытуацыяй сутыкнуліся і давераныя асобы Андрэя Дзьмітрыева. Рэчыцкія і гомельскія ўлады дазволілі ім праводзіць пікеты толькі раніцай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай апублікаваў плян паездак на перадвыбарчыя мітынгі на 23-24 ліпеняДоўгатэрміновы назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах Леанід Судаленка назваў прапановы чыноўнікаў агітаваць толькі раніцай «свавольствам».
«Так, на адной пляцоўцы нельга праводзіць адначасова два масавыя мерапрыемствы — паводле закону аб масавых мерапрыемствах. Але выбарчай кампаніі гэта ня тычыцца. У выбарчай кампаніі пытаньні рэгулююцца Канстытуцыяй, Выбарчым кодэксам і пастановамі ЦВК. Нідзе — ні ў Выбарчым кодэксе, ні ў пастановах ЦВК — няма такой нормы, што выканкамы вызначаюць час для агітацыі. Давераная асоба падала паведамленьне на дазволенае месца — і мусіць ісьці агітаваць. Трэба абскарджваць такія рашэньні выканкамаў», — пракамэнтаваў сытуацыю Судаленка.
Ён ня бачыць парушэньня закону, калі на адной пляцоўцы будуць агітаваць за двух кандыдатаў. «Калі давераныя асобы дамовяцца. Паводле выбарчага заканадаўства, калі ў выканкам раней паступіла заяўка ад іншага кандыдата і паміж кандыдатамі няма дамоўленасьці, то мясцовы орган можа прапанаваць іншы час», — дадаў назіральнік.
«Раней выканкамы вызначалі месцы для агітацыі, дзе нельга яе праводзіць. Сёлета яны вызначылі месцы, дзе можна агітаваць — у Гомлі гэта тры аддаленыя ад цэнтру пляцоўкі. Прычым у Цэнтральным раёне ўвогуле агітаваць нельга», — нагадаў праваабаронца.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.