Рахмэтала Байтасаў, сябар ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата Андрэя Дзьмітрыева, пракамэнтаваў Свабодзе сёньняшняе рашэньне ЦВК пра абмежаваньне колькасьці назіральнікаў.
Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасаваньня зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі. А падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК зьменшыла колькасьць назіральнікаў на выбарах «у сувязі з каранавірусам». Праваабаронцы: выбары перайшлі ў стадыю спэцапэрацыі«Яны ўсяляк імкнуцца абмежаваць уплыў людзей на вынікі выбараў. Вялікая колькасьць назіральнікаў значна зьмяншае колькасьць фальсыфікацый. Я думаю, што яны хочуць пакінуць пяць чалавек ад арганізацый тыпу „Белая Русь“ і БРСМ. Хаця Дзьмітрыеў выказаў ініцыятыву, каб былі назіральнікі ад кандыдатаў. Але яны там сядзяць у ЦВК і як машыны галасуюць аднагалосна», — сказаў карэспандэнту Свабоды Рахмэтала Байтасаў.
Ярмошына адзначыла, што пытаньне абмежаваньня колькасьці назіральнікаў зьвязанае і з «маральным і фізычным ціскам» на сяброў выбарчай камісіі. Тады Рахмэтала Байтасаў спытаўся ў кіраўніцы ЦВК, ці не давярае яна народу Беларусі?
«Яна, відаць, не чакала такога пытаньня і крыху разгубілася і сказала, што гэта нейкае расісцкае пытаньне. А потым пачала разважаць, што яна з павагай ставіцца да людзей усіх нацыянальнасьцяў, і да беларусаў, і гэтак далей. І потым яны прагаласавалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты працэс», — заява «Права выбару» пра зьмяншэнне колькасьці назіральнікаўРахмэтала Байтасаў стала жыве ў Беларусі з 1972 году. Нарадзіўся ў Казахстане, маці — літоўская татарка, паехала на цаліну і там выйшла замуж за казаха. Ці не абразіла яго заўвага Ярмошынай пра «расісцкае» пытаньне?
«Я думаю, яна проста прыгадала, што я не беларус па нацыянальнасьці, — кажа Рахмэтала Байтасаў. — Мяне гэта, у прынцыпе, не зьняважыла. Тут пытаньне ў тым, што яна проста адарвалася ад жыцьця. Яна ўбачыла таблічку з маім імем, яна мяне па імені і па бацьку ні разу не назвала, відаць, выгаварыць ня можа. І тут я ёй задаю пытаньне, і яе, відаць, пераклініла. Яна сказала, што пытаньне расісцкае, маўляў, пытаньне задае нейкі нярускі».
У яго склалася ўражаньне, што Лідзія Ярмошына вядзе пасяджэньне ЦВК «граматна і нахабна».
«Адарвалася ад жыцьця, ад народу, лунае ў нябёсах, адчувае сябе звышчалавекам пры Лукашэнку, а безь яго яна ніхто».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў заклікаў кандыдатаў аспрэчваць у судзе рашэньне ЦВК аб абмежаваньні колькасьці назіральнікаўКалі пачалася выбарчая кампанія, Рахмэтала Байтасаў пайшоў у каманду Андрэя Дзьмітрыева — як да «больш-менш нэўтральнай асобы».
Рахмэтала Байтасаў мае дзьве вышэйшыя адукацыі, сябрам БНФ быў з 1994 па 2008 год, працаваў выкладчыкам БДУ, адкуль яго ў 2016 годзе звольнілі. Паводле Байтасава, з таго часу яму не даюць магчымасьці працаўладкавацца.
«Чатыры гады як унесьлі ў „чорныя“ сьпісы». У Беларусі не даюць працаваць", — кажа ён.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.