Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 22 ліпеня заявіла, што ў Беларусі 41 тысяча чалавек знаходзяцца на карантыне ў сувязі з COVID-19 або зьяўляюцца «кантактамі першага ўзроўню». Гэта яна згадала ў ліку прычын скарачэньня колькасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары безь незалежных назіральнікаў. Упершыню ў гісторыі БеларусіМіністэрства аховы здароўя Беларусі пацьвердзіла ў Telegram гэтыя лічбы: «зьвесткі тычацца асобаў, якія на сёньня знаходзяцца пад усімі відамі назіраньня». Гэта пацыенты з COVID-19 (іх колькасьць наўпрост не называецца, але з афіцыйнай статыстыкі вынікае, што «актыўных выпадкаў» можа быць 6947 на 22 ліпеня), «кантакты I і ІІ узроўняў» без прыкметаў каранавірусу, а таксама грамадзяне, якія вярнуліся з краінаў зь «неспрыяльнай эпідабстаноўкай».
Таксама міністэрства заклікала грамадзян устрымацца ад выездаў за межы Беларусі ў рэгіёны зь «неспрыяльнай абстаноўкай» па каранавірусе — летам «павялічылася колькасьць асобаў, якім пасьля вяртаньня неабходна знаходзіцца пад мэдычным наглядам» пасьля такіх паездак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Нас бы штабэлямі складвалі», каб ня добрая беларуская мэдыцына ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранік: колькасьць хворых на COVID-19 «стабільна зьніжаецца» па ўсёй Беларусі ўжо некалькі тыдняўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.