ЗША закрываюць консульства Кітая ў Г’юстане

Ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты перадалі ўладам Кітая патрабаваньне закрыць кансулят КНР у Гʼюстане (штат Тэхас). Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Морган Ортагус заявіла, што гэта было зроблена з мэтай «абараніць амэрыканскую інтэлектуальную ўласнасьць і прыватную інфармацыю».

Яна таксама нагадала, што дыпляматы ня маюць права ўмешвацца ва ўнутраныя справы краінаў, у якіх яны працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць 11 кітайскіх кампаній за парушэньні правоў уйгураў

Улады Кітая асудзілі крок амэрыканскіх уладаў, назваўшы яго неабгрунтаваным і папярэдзіўшы, што ён прывядзе да далейшай эскаляцыі напружанасьці ў двухбаковых адносінах. МЗС КНР прыгразіла захадамі ў адказ. Улады Кітая могуць закрыць адно з амэрыканскіх консульстваў. Усяго іх у мацерыковым Кітаі працуе пяць, акрамя амбасады ў Пэкіне.

Кітайскім дыпляматам далі час да сярэдзіны дня пятніцы, каб пакінуць будынак. Паведамляецца, што на тэрыторыі консульства ў сераду адбыўся пажар, аднак пажарнікаў туды не пусьцілі. Паводле шэрагу паведамленьняў, супрацоўнікі консульства палілі паперы, аднак афіцыйна гэта не пацьверджана.

ЗША неаднаразова абвінавачвалі Кітай у прамысловым шпіянажы і крадзяжы інтэлектуальнай уласнасьці. Адносіны паміж краінамі дадаткова абвастрыліся апошнім часам пасьля таго, як прадстаўнікі ЗША абвінавацілі Кітай ва ўтойваньні інфармацыі пра каранавірус, а таксама ў парушэньнях правоў чалавека ў Ганконгу і Сіньцзяне. З чым канкрэтна зьвязана рашэньне закрыць консульства менавіта ў Гʼюстане, пакуль невядома.