Палітыкі Літвы заклікаюць увесьці санкцыі ЭЗ супраць уладаў Беларусі

Затрыманьне ў Менску.

У сераду група чальцоў Сэйму Літвы і эўрапарлямэнтароў заклікала ўвесьці санкцыі Эўразьвязу да прадстаўнікоў уладаў Беларусі, адказных за рэпрэсіі супраць апазыцыі і СМІ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе DELFI.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Зварот падпісалі кіраўнікі камітэтаў Сэйму Літвы ў эўрапейскіх і замежных справах Гедзімінас Кіркілас і Юозас Бернатоніс, лідэр апазыцыі, кансэрватар Габрыелюс Ландсбергіс, лідэр лібэралаў Вікторыя Чміль-Нільсэн і яшчэ некалькі сяброў Сэйму, а таксама эўрапарлямэнтары.

«Важна неадкладна прадэманстраваць выразную пазыцыю ўсяго ЭЗ, паколькі да дзеяньняў аўтарытарнага брутальнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі нельга ставіцца цярпіма», — гаворыцца ў лісьце, адрасаваным ведамствам ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтым разам пад санкцыямі можа апынуцца значна даўжэйшы сьпіс асобаў». Інтэрвію з эўрадэпутаткай

«Таму мы заклікаем аднавіць санкцыі супраць рэжыму і асобаў, адказных за рэпрэсіі жыхароў Беларусі, якія шкодзяць дэмакратычнаму характару выбараў, зьяўляюцца ўмяшаньнем у дэмакратычны працэсы і працэс палітычнай канкурэнцыі, уключаючы ўдзел у махлярстве на выбарах, што зьяўляецца парушэньнем прынцыпаў і каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца ў самым сэрцы ЭЗ», — гаворыцца ў звароце.

Зварот ініцыяваў старшыня Зьвязу Айчыны — Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў (кансэрватараў) Габрыелюс Ландсбергіс, які сказаў, што «маўчаньне азначала б дапамогу», бо ў суседзтве з ЭЗ «брутальна топчуць дэмакратыю, перасьледуюць палітычных апанэнтаў, ідуць арышты нявінных людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы Наўседа пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі

«Мы ня можам заплюшчваць вочы і патураць дыктатарам, бо страўсіная палітыка абярнулася б ня толькі маральнай капітуляцыяй Эўропы, але і здрадай тысячам беларусам, якія выходзяць пратэставаць на вуліцы за дэмакратычныя перамены. Таму мы, літоўскія палітыкі розных палітычных сілаў, зьвяртаемся да кіраўніцтва ЭЗ з просьбай увесьці санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму за парушэньні дэмакратычных правоў і свабодаў, а таксама правоў чалавека», — сказаў BNS палітык.

На мінулым тыдні МЗС Літвы выказала вялікую заклапочанасьць дзеяньнямі беларускіх уладаў у ходзе перадвыбарнай кампаніі. Адзначалася, што «з працягам палітычна матываваных рэпрэсіяў, магчымы рост новых палітвязьняў будзе мець наступствы для далейшых адносінаў ЭЗ і Беларусі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.