Зь якімі пасланьнямі выступілі на тэлебачаньні кандыдаты? Пра што сёлетнія выбары? Як кандыдаты зьбіраюцца абараняць вынікі галасаваньня?
Пра гэта ў «Праскім акцэнце» разважаюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і рэжысэр Андрэй Курэйчык.
«Ціханоўская згуляла лепш за мае чаканьні»
Курэйчык: Тое, што я бачыў у Ціханоўскай месяц таму — мне здавалася, што гэта невыпраўляльна. Сытуацыя зьмянілася. Яна вельмі ўдала працуе на эмоцыі масаў, у адрозьненьне ад усіх іншых, асабліва на жаночыя эмоцыі.
Разумна, што яна выступіла коратка. Усё было эмацыйна і ляканічна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭАКарбалевіч: Калі б Ціханоўская прапанавала нейкую праграму, гэта выглядала б ня вельмі пераканаўча. Усе ведаюць, хто яна такая.
А так яна цалкам трапляе ў вобраз — калі мяне выберуць, у мяне праграма з двух пунктаў: вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары.
І гэтае пасланьне — спроба аб’яднаць прыхільнікаў і Ціханоўскага, і Бабарыкі, і Цапкалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 гадоў Беларусь ня чула такіх крытычных выступаў на дзяржаўным тэлеканале
«Канапацкая сказала роўна тое ж, што і Пазьняк»
Карбалевіч: Я нязгодны, што яе выступ быў самы радыкальны. Нават Чэрачань казаў пра выхад з АДКБ і пра бел-чырвона-белы сьцяг.
Канапацкая сьвядома апэлявала да традыцыйнага электарату апазыцыі.
Значная частка нацыянальна-арыентаванай публікі не падтрымлівае ні Ціханоўскіх, ні Бабарыку, ні Цапкалу.
Канапацкая прэтэндуе на ролю, пасьля выбараў, прадстаўніка беларускай апазыцыі перад Захадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая зьвярнулася да выбарнікаў на дзьвюх мовах у сваім першым выступе на тэлевізііКурэйчык: Зерне выступу Канапацкай — гэта паўтарэньне тэзісу Лукашэнкі: мы ня станем на калені, мы ня станем нічыёй часткай. Менавіта на гэтым Лукашэнка зараз робіць усё сваю перадвыбарчую кампанію.
Канапацкая сказала роўна тое ж, што і Пазьняк: што самае галоўнае зараз — гэта нашая незалежнасьць ад Расеі. А хто яе нам дае? Лукашэнка.
«Выступ Дзьмітрыева быў спробай шчырай, чалавечай размовы»
Курэйчык: Памылка, якую робіць кампанія «Гавары праўду», — гэта дробнатэмʼе. У іх няма ўсьведамленьня, якія тэмы важныя, а якія другасныя.
Зараз трэба вырашыць галоўныя праблемы.
Дзьмітрыеў адцягвае электарат у Ціханоўскай, ён адзіны, хто рэальна можа ад яе адцягнуць 2–4% і вырашыць лёс гэтых выбараў не на карысьць прыхільнікаў пераменаў.
Ён чалавек, які спрабуе сядзець на многіх крэслах.
Мэм «стары прэзыдэнт» — гэта дробна. Лукашэнка для нас праблема не таму, што ён немалады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стары прэзыдэнт нічога ня можа нам прапанаваць». Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся да выбарнікаўКарбалевіч: Выступ Дзьмітрыева быў спробай шчырай, чалавечай размовы. Ён спрактыкаваны палітык.
Ён назваў пунктам сваёй праграмы правядзеньне новых выбараў. Гэта супала з галоўнай тэзай Ціханоўскай.
Ён таксама сказаў пра неабходнасьць адстойваць свой выбар, што было для мяне трошкі нечакана.
Як абараніць свой голас: пра што прамаўчалі кандыдаты?
Курэйчык: Для Ціханоўскай, для камандаў Бабарыкі і Цапкалы гэтыя выбары — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Для Дзьмітрыева, Чэрачня, Канапацкай — гэта пытаньне піяру.
Ці прагучыць ад Ціханоўскай заклік на Плошчу? У іх ёсьць вельмі памяркоўны электарат Бабарыкі і Цапкалы. Папляскаць у ладкі, праехацца на ровары, прыйсьці на Бангалор — гэта максымум, што яны могуць. А ёсьць электарат радыкальны, электарат Ціханоўскага, Севярынца, Статкевіча. Яны з задавальненьнем пайшлі б на Плошчу. Тут пытаньне кампрамісу — як і гэтых не напалохаць, і іншых не адштурхнуць.
Пакуль яны знайшлі формулу — абараніць свой голас. Іншага частка яе патэнцыйнага электарату не гатовая пачуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТ
Карбалевіч: Практычна ўсе выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што большасьць беларусаў хоча сёньня сыходу Лукашэнкі. Але сапраўды толькі Ціханоўская казала, што дакладна трэба рабіць: ісьці галасаваць, галасаваць толькі 9 жніўня, арганізаваць кантроль за выбарчымі ўчасткамі, галасаваць за яе.
І паўнамёк, паўзаклік — абараняць свой голас.
У падмурку — тэза Бабарыкі і Цапкалы: калі за нас будзе пераважная большасьць, выбарчая машына рассыплецца і выбарчыя камісіі будуць падлічваць галасы сумленна.
Я згодны з Курэйчыкам — мы маем справу не з традыцыйным электаратам апазыцыі. Гэта новая большасьць, і яна не гатовая да рэвалюцыі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.