«Жорсткасьць — адваротны бок бясьсільля». Лідэр гурту Ulis Вячаслаў Корань пра сілу пратэсту ў музыцы і на вуліцы

Вячаслаў Корань

«Адчуваньне, што для Беларусі час спыніўся. Таму нашыя альбомы актуальныя і цяпер. Акурат пра сёньняшні дзень і „Чужаніца“, якая стваралася ў канцы 1980-х, і „Люстэрка“ пачатку нулявых. Нічога не зьмянілася». Фронтмэн рок-гурту Ulis Вячаслаў Корань пра «адлічбаваную спадчыну», надзённую і праз 30 гадоў.

22 ліпеня на лічбавых пляцоўках зьявіліся пяць клясычных альбомаў легендарнага калектыву Ulis: ад дэбютнага «Чужаніца» (1989) да апошняга на гэты момант дыска «Люстэрка» (2003).

Рэінкарнацыя эпохі «касэтнікаў» на сучасных плятформах

Ulis — адзін са знакавых беларускіх рок-гуртоў, які быў заснаваны ў 1988 годзе шэрагам былых удзельнікаў «Бонды». На пачатку 1990-х папулярнасьць калектыву выйшла далёка за межы Беларусі. Альбомы выдаваліся ў Польшчы і Расеі, музыкі гралі канцэрты ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Францыі, краінах Балтыі.

Ulis, фатасэсія да альбому «Танцы на даху», 1993 год

За прамінулы час неаднаразова зьмяняўся склад і гучаньне, але гурт заставаўся выдатным прадстаўніком беларускай альтэрнатыўнай музыкі. Фронтмэн і лідэр каманды Вячаслаў Корань стаў адной зь візытовак пратэставага андэрграўнду свайго часу.

Цяпер творчыя высілкі можна ацаніць наноў у якасьці арыгіналу. Даступны пяць адлічбаваных альбомаў — тры першыя ды два апошнія: «Чужаніца» (1989), «Краіна доўгай белай хмары» (1990), «Танцы на даху» (1993), «Падарожжа» (2000), «Люстэрка» (2003). Для большасьці, акрамя «Люстэрка», гэта першы рэліз у лічбе.

Лічбавае перавыданьне ажыцьцявіў беларускі лэйбл MediaCube Music, які ў сакавіку зрабіў дасяжным на лічбавых пляцоўках клясычны каталёг N.R.M. Дзеля зручнасьці стварылі адзіную спасылку на ўсе альбомы і пляцоўкі. Адначасова пачала працаваць Facebook-старонка, прысьвечаная творчасьці «Ўліса».

Ulis, фатасэсія да альбому «Танцы на даху», 1993 год

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь Вячаславам Коранем, які апошнія 10 гадоў працуе ў структуры «Эўрарадыё». Раней жыў на два гарады, паміж Варшавай і Менскам, але праз пандэмію каранавірусу вось ужо 5 месяцаў ня можа трапіць у Беларусь — дакладней, ня мае такой раскошы, каб два тыдні правесьці пад «хатнім арыштам».

Па словах суразмоўцы, галоўнай ідэяй гурту быў пастаянны экспэрымэнт — як музычны, так і тэкставы. Таму і кружэлкі атрымліваліся абсалютна рознымі. На раньніх запісах гэта абвастралася жаданьнем давесьці сваю самастойнасьць пасьля сыходу з «Бонды». Але яго хапіла на тры альбомы, пасьля якіх шляхі колішніх аднадумцаў разышліся. Далей Вячаслаў сам рабіў саўндпрадусаваньне на хатняй студыі, фіналам сталі альбомы «Падарожжа» і «Люстэрка», да якіх ён вырас як музыка і як гукарэжысэр.

Вячаслаў Корань

«У інтэрнэце можна знайсьці шмат песень „Уліса“ — выкладаў ня толькі я, а і іншыя людзі. Але менавіта на афіцыйных лічбавых пляцоўках — Spotify, Apple Music, „Яндэкс-Музыка“ — нашага не было амаль нічога. Толькі „Люстэрка“ ад амэрыканскай кампаніі Turmeric records. Зрэшты, дамова скончылася, і альбом адусюль зьнік, — удакладняе ён. — Паступіла прапанова ад MediaCube Music, які выдае шмат беларускай музыкі — вядома, добра зрабіць запісы дасяжнымі на пляцоўках. Спачатку пяць альбомаў, а патэнцыйна і астатнія. Стужкі ў Менску не адлічбаваныя».

Усе гэтыя альбомы раней былі выдадзеныя на кампакт-дысках. Але тое было ўжо больш за паўтара дзесятка гадоў, таму і сёньняшняя аўдыторыя ўсё менш імі карыстаецца, — тлумачыць ініцыятар «лічбавізацыі» «Уліса», кіраўнік лэйблу MediaCube Music Зьміцер Безкаравайны.

Старыя песьні актуальныя і тэкстамі, і стылістыкай

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці няма ў яго адчуваньня дэжавю. Песьні, многія зь якіх ствараліся ажно за савецкім часам, сёньня гучаць гэтаксама актуальна. На парадку дня тыя ж задачы — заклікі да свабоды ад аўтакратыі, вера ў лепшую будучыню для сваёй радзімы.

Вячаслаў Корань

«Ня столькі дэжавю, колькі адчуваньне, што для Беларусі час спыніўся, — кажа творца. — Таму, сапраўды, і першыя альбомы, і апошнія актуальныя па сёньня. Мала таго, „Падарожжа“ і „Люстэрка“ актуальныя яшчэ і па стылістыцы: такая музыка граецца, сачыняецца, гучыць абсалютна сучасна. Што тычыцца тэкстаў, калі ў кагосьці ёсьць жаданьне паслухаць іх больш удумліва, дык становіцца зразумела: акурат пра сёньняшні дзень і „Чужаніца“, якая стваралася ў канцы 1980-х, і „Люстэрка“ нулявых. Нічога не зьмянілася».

Каб ня быць галаслоўным, Вячаслаў Корань раіць паслухаць песьню «Ўладар» з альбому «Люстэрка». Ёй амаль два дзясяткі гадоў, аднак адчуваньне, што яна стваралася як адказ на гарачае лета 2020-га.

«Думаю, нават тыя, хто яе неаднаразова слухаў, наўрад ці засяроджваўся на тэксьце, як той казаў, аж да „поўнага паглыбленьня“, — зазначае лідэр „Уліса“. — Таму вельмі раю яшчэ раз паслухаць. Песьня напісаная ў 2003 годзе, але ўсім сваім зьместам цалкам пасуе да дня сёньняшняга...

Хочаш альбо ня хочаш ты завалодаць усім.
Тым, чаго ты ня маеш, але так моцна жадаеш.
Можаш альбо ня можаш ты завалодаць лёсам
Тых незалежных спрэчак, якія ведаюць, хто ты.
Ты ўсё зрабіў як трэба, чаму ж ты не ўладар?
І, забыўшыся на сумленьне, пайшоў — ці пан, ці прапаў.
Гэй, ты, лопух кволы, на шкоду сабе гаспадар,
Калі ты ўладар у законе
Дык не — ты ня пан, ты прапаў...

У «ворагі народу» рызыкуе трапіць кожны беларус

У 1990-я беларусы спадзяваліся, што настануць доўгачаканыя зьмены: маладая краіна пачне разьвівацца, рушыць за сучасным сьветам. А ў выніку атрымалі чарговы застой, наракае Вячаслаў Корань. І нават горш: калі за савецкім часам палявалі збольшага на дысыдэнтаў, то цяпер у «ворагі народу» рызыкуе трапіць нават выпадковы мінак, які зьбегам абставін апынуўся ня ў тым месцы.

Вячаслаў Корань

«АМАП ня робіць выключэньняў» — такім можа стаць лёзунг сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі, дадае музыка.

«Жорсткасьць — адваротны бок бясьсільля. Раптам высьветлілася — і № 1 ва ўладзе гэта зразумеў — ён ня можа прымусіць сябе палюбіць, нават калі любоў сфальсыфікаваць. Вядомая ісьціна: калі прамаўляць «салодка» пра «горкае», на языку саладзей ня стане. Старыя дзеячы, падобна, думалі інакш. Так ня здарылася. Вырасла новае пакаленьне, яно ведае, як жыве астатні сьвет. Зьявіўся інтэрнэт, адкуль можна чэрпаць зьвесткі. Моладзь наогул не глядзіць тэлевізар: у сетках інфармацыя больш праўдзівая, чым на прапагандысцкіх каналах. Адсюль і жорсткасьць — помста за «бунты».

Найбольш яскравай праявай усё большай цывілізацыйнай аддаленасьці народу і ўлады Вячаслаў Корань лічыць «банды ціхароў» на бусах зь «ліпавымі» нумарамі-дублікатамі. Дзейнічаюць подла, хапаюць людзей на вуліцах, як звычайныя бандыты, канстатуе ён.

«Не кажу нават пра аўтазакі, гэта ўсё ж „спэцсродак“. Я пра цікавыя машынкі, адкуль выскокваюць людзі, падобныя да бандытаў. Лічу так: не прадставіліся, не паказалі дакумэнтаў і пры гэтым кудысьці цягнуць — гэта выкраданьне чалавека. Калі не патлумачылі, зь якой прычыны забіраюць, можна і трэба даваць адпор... На жаль, у нас паўторна караюць тых, хто ўжо пацярпеў. Сьведак у судах даўно няма, у гэтай ролі выступаюць тыя, хто, уласна кажучы, і выкрадаў. Пішуць усялякія небыліцы, што лаяўся матам, выкрыкваў лёзунгі. Ілжэсьведчаць, каб атрымаць патрэбны эфэкт».

Ulis, фатасэсія да альбому «Танцы на даху», 1993 год

Сапраўдная бяда цяперашняй Беларусі — зрашчэньне галінаў улады, што не пакідае амаль аніякіх шанцаў на вяршэнства закону. Чынавенская вэртыкаль, праваахоўная сыстэма, пракуратура, суды — усе служаць аднаму гаспадару.

«Строга падначаленая вэртыкаль пачала выстройвацца даўно, ужо больш за чвэрць стагодзьдзя таму. І вось цяпер дае „рэфарматару“ свой плён, — канстатуе Вячаслаў Корань. — За прамінулы час краіна проста скацілася ў прорву. Пачалося з рэфэрэндуму аб сымболіцы 1995 году, далей „плебісцыт“ з разгонам парлямэнту — ужо пасьля гэтага можна было зразумець, што на любых праявах дэмакратыі пастаўлены крыж. І ад таго моманту — толькі па нахільнай...»

«Радыё Свабода» ў топе 10 найвялікшых беларускіх песень

Кампазыцыя з рэпэртуару гурту Ulis пад назвай «Радыё Свабода» ў 2015 годзе трапіла ў топ-10 найвялікшых беларускіх песень, складзены TuzinFM паводле апытаньня 90 экспэртаў.

Паэт Фэлікс Аксёнцаў, аўтар песьні Ulis «Радыё Свабода»

У свой час здавалася, што «варожыя галасы», якія за саветамі няшчадна глушылі, неўзабаве стануць набыткам гісторыі. Але выглядае, што яны і сёньня не даюць спакою беларускім уладам. Дайшло да таго, што сілавікі абвінавачваюць Свабоду... у каардынацыі масавых пратэстаў. Такім чынам, адзін з гімнаў «Уліса» паўстае з новай сілай.

«Дзеля справядлівасьці, у апошнія 25 гадоў наяўнасьць аб’ектыўнай інфармацыі заўсёды была актуальнай, — гаворыць Вячаслаў Корань. — Мала таго, я ўжо ня памятаю, ці здарыўся наогул нейкі прамежак часу, калі ў „забугорных галасах“ на Беларусі ня мелі патрэбы. Я сам ужо больш за 10 гадоў працую ў такой структуры („Эўрарадыё“. — РС), цудоўна ведаю, якой інфармацыяй корміць свой народ лукашэнкаўская прапаганда і як важна даць людзям іншы пункт гледжаньня».

Напрыклад, у зьвязку з распаўсюдам каранавірусу, які Аляксандар Лукашэнка ўпарта называе «псыхозам». Нягледзячы на шокавую статыстыку — адна з найбольшых у Эўропе колькасьцяў інфікаваных у пераліку на колькасьць насельніцтва — пагроза папросту ігнаруецца.

Тым ня менш пандэмія мела і пэўны станоўчы эфэкт, перакананы лідэр гурту Ulis. Найперш для разуменьня таго, як улады сапраўды ставяцца да сваіх грамадзянаў, прыкрываючыся «ўратаваньнем эканомікі».

«Я разумею: калі паставіць эканоміку на паўзу, яна можа ляснуць. Асабліва бедная краіна, дзе цэлыя галіны на датацыях. Добра, не закрывайце прадпрыемствы, не заганяйце на карантын. Але дайце магчымасьць абараніцца. Людзі самаарганізаваліся, не ўлады. Тыя ўчынілі неверагоднае: выгналі на суботнік, парад. І ўсе пабачылі, што яны ўласны народ ні ў што ня ставяць. Замест таго, каб затаіцца, раз ужо пайшлі супраць плыні, — масавыя велікодныя службы, на Радаўніцу аўтобусы на могілкі, прымусам на суботнік, парад. Ды яшчэ бяз масак, бо гэта «псыхоз».

Прэзыдэнцкія выбары безь сілавога антуражу

Пандэмія каранавірусу зачапіла і Вячаслава Кораня. Ня ў сэнсе хваробы — неўзабаве міне паўгода, як ён ня можа вярнуцца дадому.

«Цягнікі з Варшавы ў Менск ня ходзяць, самалёты не лятаюць. Аўтобусы нібыта ёсьць, аднак толькі для пэўных катэгорый, я ў іх не трапляю. Дадому не магу даехаць ужо амаль пяць месяцаў. Дакладней, можна рызыкнуць. З аднаго боку, трэба будзе адседзець два тыдні ў карантыне. З другога, вяртаньне ў Польшчу аўтаматычна ставіцца пад пытаньне», — гаворыць Вячаслаў Корань.

Затое беларус апынуўся ў эпіцэнтры яшчэ адной палітычнай кампаніі — палякі выбіралі сабе прэзыдэнта. На фоне падзеяў у Беларусі — проста ўзор дэмакратыі, падсумоўвае Вячаслаў Корань.

«У іх нядаўна была свая выбарная кампанія, — дзеліцца ён. — Натуральна, бяз звыклага нам антуражу: нікога не хапалі, не пакавалі па аўтазаках. Хай бы толькі паспрабавалі, мала не здалося б... Плюс тут цывілізаваны падлік галасоў. Я маю на ўвазе, нават у тэорыі немагчыма накруціць зьверху 60%. Усё вырашае розьніца ў 1-2%. Фактычна 50 на 50 падзяліліся сымпатыі — 51% за Анджэя Дуду і 49% за Рафала Тшаскоўскага. Гэта нашаму кіраўніку абавязкова трэба стварыць ілюзію, што выйшлі пад 90% і за яго прагаласавалі. Тым самым апанэнтаў прынізіць, растаптаць».

Рокер з Краіны доўгай белай хмары

Вячаслаў Корань — гітарыст, вакаліст, саўндпрадусар, аўтар музыкі і тэкстаў. Нарадзіўся 16 сьнежня 1955 году ў Пскове ў беларускай сям’і вайсковага лекара. Зь пяці гадоў жыве ў Беларусі. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут («Аўтаматычныя сыстэмы кіраваньня»).

У музыцы з 1978 году. У якасьці гітарыста граў у рок-камандах «Ліфт» (1978–1982), «Студыя 7» (1982–1984), «Бонда» (1982–1988).

Пачатак гурту Ulis, 1988 год

У 1988-м заснаваў гурт Ulis, у якім першапачаткова быў гітарыстам і пісаў музыку. Першы склад: Вячаслаў Корань (гітара), Сяргей Краўчанка (бас-гітара), Валер Цініцкі (пэркусія), Кірыл Шаванда (ударныя), Андрэй Патрэй (вакал), Фэлікс Аксёнцаў (тэксты). Неўзабаве далучыўся адзін са стваральнікаў «Майстроўні», бубнач Сяргей Кныш.

У 1993-м адбыўся раскол каманды, у выніку сышлі ўсе, акрамя Кораня. Узяў на сябе ролю лідэра, асноўнага аўтара песень і вакаліста. Цягам 1994–1998 гадоў яму дапамагалі Аляксей Паўловіч (бас-гітара), Ягор Марачук (гітара), Ігар Маскаленка (ударныя), Алесь Дземідовіч (ударныя) і Лявон Вольскі з тэкстамі ў альбоме «Па-над дахамі».

Ulis — удзельнік першых фэстаў «Басовішча» (Беласточчына, 1990), «Рок па вакацыях» (Менск, 1993), «Тры колеры» (Менск, 1990), «Рок чыстай вады» (Менск, 1990), «Сырок» (Масква, 1990), «Музыканты сьвету дзецям Чарнобылю» (Менск, 1991), Rock Summer (Талін, 1991), Rock-mafia (Сопат, 1991), 29th Sopot Festival (1992), праекту «Народны альбом» (1997) «Салідарныя зь Беларусьсю» (Варшава, 2006), Be Free (Украіна, 2007).

Мае ўзнагароду як найлепшы гітарыст фэстывалю «Тры колеры», тры прызы «Басовішча» і карону на «Рок-каранацыі-1997» у складзе праекту «Народны альбом». Выходзіў на сцэну разам з такімі сусьветнымі зоркамі, як Jethro Tull і The Stranglers.

На пачатку 1990-х гурт выступіў з сэрыяй канцэртаў у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Францыі. Першы альбом «Чужаніца» (1990) выдадзены вялікім накладам на фірме «Мэлёдыя». Другі — «Краіна белай хмары» (1991) — выйшаў на буйным польскім лэйбле «Polskie nagrania».

З 1989 году выступае таксама як саўндпрадусар. Запісаў шэраг культавых альбомаў беларускага року: «LaLaLaLa», «Одзірыдзідзіна», «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» гурту N.R.M., «Мая краіна» і «Цэпэліны» гурту «Новае неба». У 2007-м стаў саўнпрадусарам каманды з Полацку «Indra».

Усяго ў дыскаграфіі 12 альбомаў, запісаных у складзе розных калектываў. Найбольш вядомыя песьні: «Чужаніца», «Калі імпэрыя зьнікне», «Радыё Свабода», «Пляц Францыска», «Кругі на вадзе», «Краіна ў кратах».

Вокладка альбому «Чужаніца»

Дыскаграфія:

  • «Чужаніца» (альбом, LP / MC / CD, 1990)
  • «Краіна доўгай белай хмары» (альбом, LP / МС / CD, 1991)
  • «Танцы на даху» (альбом, МС / CD, 1993)
  • «Па-над дахамі» (альбом, МС 1995)
  • «Life 1996» (канцэрт, МС, 1996)
  • «Блуканьне» (альбом, МС, 1996)
  • «Ратуйце вашы душы» (альбом, МС, 1997)
  • «Падарожжа» (альбом, CD, 2000)
  • «Люстэрка» (альбом, CD, 2003)