21 ліпеня кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань упершыню зьвярнуўся праз тэлевізію да сваіх выбарцаў.
Што трэба зрабіць, на думку Сяргея Чэрачня, сьцісла:
- мінімізаваць ролю дзяржавы,
- скараціць колькасьць праверак,
- дапамагчы бізнэсу, стварыць бізнэс-інкубатары,
- прыбраць прывілеі для «сваіх бізнэсоўцаў»,
- увесьці льготы ня толькі для айцішнікаў,
- замест калгасаў стварыць фэрмэрскія гаспадаркі,
- разьвіваць прыватызацыю,
- адмяніць сьмяротнае пакараньне,
- зьменшыць бюракратыю ў школах,
- зрабіць жыльлё даступным для ўсіх грамадзянаў,
- стварыць безбарʼернае асяродзьдзе «не на паперы».
Свой выступ Сяргей Чэрачань прысьвяціў эканамічным і сацыяльным рэформам. Ён выказаўся за тое, каб у Беларусі не было закрытых мэдцэнтраў для чыноўнікаў.
Рашэньні ў сфэры аховы здароўя павінны прымаць лекары, а не чыноўнікі, лічыць Чэрачань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам патрэбны час на такое рашэньне», — Дзьмітрыеў і Чэрачань пра аб’яднаньне са штабамі Ціханоўскай, Бабарыкі, ЦапкалыСяргей Чэрачань выказаўся за свабодныя выбары. Ён лічыць, што кіраўнікоў гарадоў трэба абіраць, а не прызначаць зьверху.
Кандыдат выступіў за разьвіцьцё беларускай мовы і за вяртаньне нацыянальных сымбаляў: герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга. Гэтае пытаньне «варта вынесьці на рэфэрэндум», — лічыць Чэрачань. Таксама, на думку Чэрачня, варта адмяніць сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭАСяргей Чэрачань заявіў пра неабходнасьць зьменаў у Канстытуцыю, але не вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году.
Ён таксама выказаўся за ўзмацненьне ролі парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая зьвярнулася да выбарнікаў на дзьвюх мовах у сваім першым выступе на тэлевізііПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.