На адкрыцьці новай гарадзкой паліклінікі ў Гомлі Лукашэнка зноў казаў пра важнасьць захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці.
21 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыехаў на адкрыцьцё паліклінікі ў Гомель. Там ён зноў казаў пра сувэрэнітэт і незалежнасьць, паведамляе БелТА.
«Цяпер вельмі небясьпечны момант, нам нельга страціць тое, што мы з вамі стварылі. Нельга! Гэта галоўнае, – сказаў ён. – Гэты кавалак зямлі мы павінны захаваць і нікому не аддаваць. Няма ніякага страху, няма ніякай катастрофы, але нягоднікі павінны ведаць, што мы будзем заўсёды сувэрэнныя і незалежныя і жыць на гэтай зямлі разам са сваімі дзецьмі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі двух падпісчыкаў Telegram-каналу «Армія з народам»
Аляксандар Лукашэнка параіў ня верыць тым, хто абяцае правядзеньне хуткіх рэформаў і ўзбагачэньне бяз працы за кароткі тэрмін.
«Калі вам будуць казаць пра нейкія рэформы, пра тое, што вам цяпер на верталётах грошы прывязуць, пачнуць раскідваць, вы, калі ласка, не купіцеся на гэта», — сказаў Лукашэнка.
Ён прыгадаў аднаўленьне Гомельскай вобласьці пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады, на думку Лукашэнкі, «ніхто сюды не прыехаў і не расказваў гэтыя байкі».
У гэтую выбарчую кампанію Аляксандар Лукашэнка ня раз прыгадваў пра пагрозу сувэрэнітэту і незалежнасьці. Гучалі словы пра «лялькаводаў з Крамля» і папярэджаньні «краіну мы ім не аддамо».
Тым часам альтэрнатыўныя кандыдаты Віктар Бабарыка, які не зарэгістраваны і цяпер у СІЗА, а таксама аб'яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай ня раз казалі, што для іх «сувэрэнітэт і незалежнасьць – галоўная каштоўнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала адказалі на пытаньні Свабоды. ВІДЭА