Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, які цяпер бярэ ўдзел у паседжаньні Эўрапейскай рады ў Брусэлі, не перастае сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, сьцьвярджае Аста Скайсгірыце, галоўная дарадніца прэзыдэнта. Паводле яе, дзеяньні ўладаў Беларусі супраць пратэстоўцаў выклікаюць у Наўседы непакой.
«Нават будучы за мяжою, прэзыдэнт вельмі ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Літве і вакол Літвы.
Апошнія падзеі ў Беларусі выклікаюць пэўную заклапочанасьць: мы ведаем, што там адбываюцца дэманстрацыі і што людзі патрабуюць сумленных і празрыстых выбараў. Дэманстрацыі досыць шматлюдныя, а ў некаторых выпадках дэманстрантаў затрымліваюць, зьмяшчаюць пад варту, і гэтыя тэндэнцыі насьцярожваюць прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы паабяцаў зрабіць Астравецкую АЭС «эканамічна нежыцьцяздольнай»
Мы вельмі ўважліва сочым за тым, як будуць далей разгортвацца падзеі. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначылі на пачатак жніўня. Да іх застаецца яшчэ амаль тры тыдні, і атмасфэра ўжо відавочна гарачая.
Мы паглядзім, як будзе далей, але прэзыдэнт неаднаразова казаў, што павага да правоў чалавека — адна з тых чырвоных ліній, у тым ліку і ў дачыненьнях Літвы зь Беларусьсю», — заявіла Скайсгірыце ў аўторак у этэры радыёстанцыі Žinių radijas.