Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі анансавала 21 ліпеня вяртаньне ад 1 жніўня кароткіх спатканьняў ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы — у турмах і ізалятарах, а таксама «лячэбна-працоўных прафілякторыях».
Рашэньне аб аднаўленьні спатканьняў прынялі, «зыходзячы з санітарна-эпідэміялягічай сытуацыі». Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў запэўнівае, што такія «радыкальныя захады», як забарона спатканьняў, «дазволілі своечасова мінімізаваць пагрозу распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».
Пры тым пасьля 1 жніўня захаваюцца пэўныя прафіляктычныя захады: нашэньне масак будзе абавязковым на спатканьнях, людзей з падвышанай тэмпэратурай (а таксама тых, хто адмовіцца яе мераць) і з сымптомамі рэсьпіраторных захворваньняў на спатканьні ня пусьцяць.
Нібыта з прычыны каранавірусу ў беларускіх турмах таксама адмаўляліся прымаць перадачы, але ў сярэдзіне чэрвеня прыём перадачаў аднавілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія турмы закрылі на карантын