У амэрыканскім горадзе Портлэнд, штат Орэган, для каля двух месяцаў адбываюцца пратэсты, выкліканыя сьмерцю ў Мінэапалісе афраамэрыканца Джорджа Флойда. Невядомая ўдзельніца пратэстаў выйшла голая насустрач спэцаддзелу паліцыі, спыніўшы разгон дэманстрантаў, піша Los Angeles Times.
Падчас сутычак паліцыі з пратэстоўцамі невядомая жанчына ў масцы і шапцы выйшла аголеная насустрач узброеным паліцыянтам. Іншы дэманстрант спрабаваў прыкрыць яе самаробным шчытом, але яна абыходзіла яго, а пасьля, зрабіўшы некалькі балетных па, адышла. Вярнуўшыся, жанчына, якую ў сацыяльных сетках пачалі называць «Голая Атэна», села насупраць паліцыянтаў у позе ёгі і сядзела, пакуль паліцыя не адступіла.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», на мінулым тыдні фэдэральныя ўлады пачалі жорстка душыць масавыя пратэсты ў Портлэндзе супраць жорсткасьці паліцыі і сыстэмнага расізму. Як сьведчаць апублікаваныя ў сацсетках відэа і паведамленьні СМІ, у нядзелю ўвечары яны другі дзень запар ужылі супраць пратэстоўцаў сьлезацечны газ.
У панядзелак паліцыя Портлэнду паведаміла падрабязнасьці пра яшчэ адну сутычку паміж пратэстоўцамі і фэдэральнымі праваахоўнымі органамі ў горадзе, заявіўшы, што фэдэральныя агенты выкарысталі сьлезацечны газ для разгону натоўпу, які сабраўся каля будынка фэдэральнага суду ў цэнтры Портлэнду.
Задушэньне пратэстаў у горадзе, у якім пашырыліся лібэральныя настроі, выклікала крытыку і судовыя пазовы, калі апублікавалі відэа, дзе паказана, як паліцыянты без апазнавальных знакаў затрымліваюць пратэстоўцаў без тлумачэньня прычын і з ужываньнем сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штаце Джорджыя ўвялі надзвычайнае становішча пасьля выбуху гвалтуПрэзыдэнт ЗША Дональд Трамп асудзіў пратэсты ў Портлэндзе і іншых гарадах, тым часам як адміністрацыя спрабуе даць рады з сытуацыяй у гарадах, дзе, паводле яго, дэманстрацыі супраць расізму выйшлі з-пад кантролю.
Мэр Портлэнду назваў ўмяшаньне злоўжываньнем фэдэральнымі паўнамоцтвамі і сказаў, што яно толькі прыводзіць да эскаляцыі гвалту. Генэральная пракурорка штату Орэган падала пазоў супраць фэдэральных ведамстваў, абвінаваціўшы іх у затрыманьні людзей бяз важкай прычыны.
Сілы фэдэральных ведамстваў прыбылі ў горад напярэдадні Дня Незалежнасьці 4 ліпеня. Ад таго часу яны забясьпечваюць ахову будынка фэдэральнага суду і дапамагаюць мясцовай паліцыі разганяць пратэсты.
У канцы траўня — пачатку чэрвеня ў гарадах ЗША прайшлі масавыя акцыі пратэсту і беспарадкі пасьля таго, як белы паліцыянт пры затрыманьні забіў афраамэрыканца Джорджа Флойда. Лякальныя дэманстрацыі працягваюцца ў краіне дагэтуль.