Парлямэнт Эгіпту 20 ліпеня даў прэзыдэнту Абдэль-Фатаху ас-Сісі зялёнае сьвятло для магчымага ваеннага ўмяшаньня ў Лібію, ухваліўшы разьмяшчэньне ўзброеных сіл за мяжой для барацьбы з «тэрарыстычнымі групоўкамі» і «апалчэнцамі».
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон расказаў пра перакіданьне Расеяй баявых самалётаў у ЛібіюНа мінулым тыдні Сісі папярэдзіў, што Каір будзе вымушаны рэагаваць, калі зьявіцца пагроза нацыянальнай бясьпецы Эгіпту і яго заходняй суседцы Лібіі.
Эгіпет, разам з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Расеяй, падтрымлівае сілы камандзіра Халіфы Хафтара, якія змагаюцца з войскамі міжнародна прызнанага ўраду Лібіі. Вайна ў Лібіі зь нейкага часу пагражае ўзьнікненьнем шырэйшага канфлікту паміж іншымі дзяржавамі, якія дасылаюць у гэтую краіну зброю і ваяўнікоў з парушэньнем міжнароднага эмбарга на пастаўкі зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лібію прыбывае ўсё больш наймітаў, — спэцпасланьнік ААНЭгіпецкі парлямэнт заявіў, што войскі будуць абараняць нацыянальную бясьпеку на «стратэгічным» заходнім фронце, не даючы ніякіх дэталяў і тэрмінаў і не называючы Лібію наўпрост.
Пасьля паведамленьня пра рашэньне парлямэнту дзяржаўная тэлевізія Эгіпту разьмясьціла на экране расьцяжкі з надпісам: «Эгіпет і Лібія — адзін народ, адзін лёс».