«Нельга пазбаўляць чалавека права на пратэст». Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў пра выбары і хуліганаў-ціхароў

Андрэй Арамнаў (зьлева) з кандыдатам у прэзыдэнты Сяргеем Чэрачнем (у цэнтры)

«Цяперашнія хваляваньні паказваюць, што рэйтынг дзейнага прэзыдэнта дастаткова нізкі. Не пад 80%, нашмат меней. Ну, і ўладам трэба нешта рабіць, каб захаваць парадак». Чэмпіён сьвету і Алімпійскіх гульняў, уладальнік шэрагу ўсясьветных рэкордаў у цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў — пра пераемніка Лукашэнкі, ціхароў на акцыях і пагрозу расейскай губэрні.

Права на ўласную думку — не злачынства, канстатуе 32-гадовы штангіст з Барысава Андрэй Арамнаў. І дзяжурная «адмазка» — маўляў, палітыкай не цікаўлюся — дакладна не пра яго.

«Ад наляганьня на сала выпрацоўваецца „пэрдоній“»

Андрэй Арамнаў дазваляе сабе кепікі, камэнтуючы некаторыя «рэвалюцыйныя ідэі»: «Спартовец на сале далёка ня выедзе, бо ўжываньне сала выпрацоўвае „пэрдоній“», — пасьмяяўся ён з рэкамэндацый Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, які «допінг» ужываць перад спаборніцтвамі.

Часьцяком словы аддаюцца бумэрангам: за вострыя заявы трапляла і яму самому, і трэнэрам, і камандзе, і родным. Але на тое і нефарматны, каб быць непадобным да іншых, разважае суразмоўца.


«Я ў пэўным сэнсе адзін такі, — адкідае сьціпласьць спартовец. — Арамнаў — гэта ўжо брэнд. Я рознабакова разьвіты чалавек, цікаўлюся многімі рэчамі. У сваіх ацэнках карыстаюся досьведам, назапашаным ня толькі ў Беларусі, а і ў сьвеце. Чалавек з нармальным IQ павінен мець уласную пазыцыю, як інакш? І жыцьцёвы вопыт мяне не падводзіў. Вядома, здаралася, заводзіў убок ад магістральнай лініі, але ўсё роўна ў выніку не падводзіў. Таму лічу патрэбным дзяліцца і атрыманымі ведамі, і грамадзянскай пазыцыяй».

На пачатку сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі Андрэй Арамнаў ня стаў у адзін шэраг з калегамі, многія зь якіх пад капірку выступілі за дзейнага кіраўніка краіны, а падтрымаў іншага кандыдата — Сяргея Чэрачня. Прыйшоў у пікет, зрабіў сумесны здымак.

«Я хацеў зьвярнуць увагу патэнцыйных выбарнікаў на маладых, таленавітых беларускіх палітыкаў. І я гэта зрабіў. Сяргей Чэрачань — айцішнік, бізнэсовец, антыкрызісны мэнэджар. Ён мне імпануе, бо прадстаўляе новую генэрацыю дзелавой Беларусі... Што тычыцца голасу, які я буду аддаваць 9 жніўня, — гэта ўласнае рашэньне, і хай яно да канца застаецца маім. Ніхто ў гэтай краіне ня зможа навязаць нейкую сваю думку. Таксама як і нельга пазбаўляць чалавека права на пратэст», — лічыць алімпійскі чэмпіён.

«Шмат беларусаў усяго баяцца па сваёй прыродзе»

Чаму людзі спорту, за выключэньнем асобных сьмельчакоў, у гэты гарачы час стараюцца або ціхенька адседзецца, або перастрахавацца панэгірыкам на адрас дзейнага прэзыдэнта? Чаго баяцца? Наступстваў з боку профільных ведамстваў, пазбаўленьня дзяржаўнага фінансаваньня? Збольшага, сябе, — адказвае Андрэй Арамнаў.


«У нас вельмі шмат людзей, якія ўсяго баяцца па сваёй прыродзе — каб чаго ня выйшла. Ну, і так склалася, што ў Беларусі часам сапраўды лепш прамаўчаць, чым сказаць лішняга. Я не баюся. Тым больш гэта прапісана ў Канстытуцыі: кожны грамадзянін можа выказваць уласную думку. Адпаведна, не парушаю нічога, што мне гарантавана Асноўным Законам. Гэта першае. Па-другое, чым больш мяне ў публічнай прасторы, тым лепей. Нават дрэнны піяр на карысьць. Мэдыйнасьць у тым ліку дапамагла мне вярнуцца на памост. А мае вынікі — аплявуха тым, хто мяне абражаў».

А як тады ацаніць паводзіны сілавікоў, якія жорстка зьбіваюць, затрымліваюць, кідаюць у аўтазакі тых, хто выказвае нязгоду зь ператрусамі, пасадкамі канкурэнтаў, нерэгістрацыяй патэнцыйных кандыдатаў? Апанэнты таксама спасылаюцца на пункты Канстытуцыі, якая дае права на плюралізм думак.

«Паводле міліцыі, ёсьць парушэньне правілаў масавых збораў, патрэбны дазвол. З аднаго боку, на мітынгі трэба выходзіць, каб улады разумелі, што рэальна адбываецца ў краіне. Зь іншага, што гэта дасьць ва ўмовах, калі пратэстоўцаў мала, няма лідэра? Атрымаюць штраф ці суткі. Стопрацэнтна згодны, што нельга пазбаўляць права на свабоду выказваньня. Але каб улады лічыліся, маштаб павінен быць іншы. Хоць нават такая актыўнасьць паказвае, што рэйтынг прэзыдэнта дастаткова нізкі. Не пад 80%, нашмат меней. Ну, і сілавікам трэба нешта рабіць, каб захаваць парадак».

Андрэй Арамнаў не хавае абурэньня, якім чынам праваахоўнікі наводзяць той самы «парадак». Асабліва гэта тычыцца незразумелых людзей у цывільным, якія, не прадстаўляючыся, хапаюць людзей і расьпіхваюць у аўтамабілі без нумароў. Фактычна выкрадаюць, — канстатуе ён.

«Міліцыянт павінен быць у форме. Кропка. Усе астатнія, хто хапаюць людзей, — апрыёры хуліганы, якім трэба адказваць іхнімі ж мэтадамі. Я не трапляў у такую сытуацыю, але гарантую: кожны атрымаў бы па кумпалу. Можа, абрабаваць хочуць, мэдалі скрасьці, я ж ня ведаю, што ў іх за думкі. Чаго ходзіш у трэніках, мундзір згубіў? Ну дык дрэнны супрацоўнік, хай начальства разьбярэцца, ці варта трымаць. І караць тых, хто адбіваецца ад незразумелых чувакоў, — абсурд. Стаіце на варце парадку — калі ласка, абазначце сябе, а не прыкідвайцеся „мірнымі грамадзянамі“».

«Людзі апасаюцца, што галасаваньне будзе несумленным»

Пры гэтым пэрспэктывы новага чалавека на пасадзе прэзыдэнта Андрэй Арамнаў ацэньвае як «мізэрныя». Мяркуючы па апошніх падзеях, адладжаная сыстэма наўрад ці дасьць збой.

«Зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, хто будзе прэзыдэнтам. Дакладней, хто застанецца на гэтай пасадзе. Думаю, у цяперашняй сытуацыі наўрад ці што зьменіцца. Не кажу, што перадвызначана на 100%, усё ж апошняе слова скажуць беларусы. Але сытуацыя сьведчыць, што кампанія скончыцца на карысьць дзейнага прэзыдэнта. Шмат хто апасаецца, што галасаваньне будзе „нячэснае“, выбары зноў сфальсыфікуюць, але многія падтрымаюць „стабільнасьць“. То бок проста пужае экспэрымэнт з новым чалавекам на чале краіны», — мяркуе ён.

Андрэй Арамнаў згодны, што за такі працяглы тэрмін на прэзыдэнцкай пасадзе Аляксандар Лукашэнка апынуўся ў палоне ўласнага атачэньня, якое, каб дагадзіць, малюе яму ідылічныя карціны.

З тэлекамэнтатарам Уладзімерам Навіцкім

«Магчыма, тыя людзі, якія дапамагаюць яму ў працы, не гавораць пра рэальнае становішча ў краіне. Такая спроба адгарадзіць боса ад унутраных праблемаў ня вельмі плённая, бо стварае няправільную карціну рэальнасьці. Лукашэнка вельмі доўга на пасадзе. Відавочна, што стаміўся ад напружанай працы, мог бы на замену падрыхтаваць некага маладога, больш сучаснага, з новымі ідэямі і падыходамі. Хваляваньні ў краіне якраз з той прычыны, што незразумелая пэрспэктыва: сам не сыходзіць, наступніка няма, да альтэрнатыўных кандыдатаў пытаньні».

«Ня думаю, што ў „расейскім Крыме“ стала лепш»

Пры любым раскладзе ня будзе задаволеных цалкам — застанецца яшчэ на адзін тэрмін Аляксандар Лукашэнка ці яго заменіць хтосьці іншы. І гэта, як кажа Андрэй Арамнаў, найбольш напружвае, бо надалей захаваецца падзел у грамадзтве.

«Канечне, ідэальнай карціны ня будзе, дагадзіць усім немагчыма. Я таксама пры гэтай сыстэме шмат страціў: мог быць мільянэрам, а выжываю, як і ўсе іншыя. Спартоўцы майго ўзроўню за мяжой маюць у загашніках мільёны даляраў. Мяне дзяржава адштурхнула ў 20 гадоў, як толькі я на эўфарыі пасьлізнуўся, памыліўся. Замест таго каб падставіць плячо, пазбавілі падтрымкі, фінансаваньня. Але я аб’ектыўна ацэньваю сытуацыю: ня думаю, што нехта іншы, акрамя Лукашэнкі, агулам столькі ўкладаў бы ў спорт», — адзначае суразмоўца.

Паводле Андрэя Арамнава, адна зь вялікіх памылак Аляксандра Лукашэнкі на пачатку прэзыдэнцтва — празьмерная зацыкленасьць на Расеі, што прывяло да татальнай сыравіннай і фінансавай залежнасьці. Але сёньня ён даволі эфэктыўна супрацьстаіць «паглыбленай інтэграцыі». Ці здолеюць гэта рабіць іншыя? — задаецца пытаньнем Арамнаў.

«Многія хочуць, каб тут хутчэй настала катастрофа і, пакуль яшчэ ёсьць сілы, выплыць на паверхню. Калі мэта — заскочыць у прэзыдэнты на хайпе, гэта не варыянт. Хто рэальна мог скласьці канкурэнцыю, ужо ці не жывы, ці зьехаў за мяжу, ці пасьля адседак зьнік. Любы, хто трапіць на пасаду, будзе шукаць „дах“. Ня думаю, што ў „расейскім рэгіёне“ Крым стала лепш. Ня будзе камільфо, калі і мы станем губэрняй з расейскім рублём і законамі. Хіба даўгі, якія набраў Лукашэнка, аўтаматычна пагасяцца... Беларусь незалежная, і гэта самае важнае. Менавіта з гэтага трэба зыходзіць».

«Змог вярнуцца, адкуль мала хто выкараскваецца»

Андрэй Арамнаў нарадзіўся 17 красавіка 1988 году ў Барысаве. У малодшых клясах прыйшоў у сэкцыю цяжкай атлетыкі, першы трэнэр — Уладзімер Барздакоў. Займаўся ў Бабруйскай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Юны атлет хутка набіраў абароты і ўжо юнаком падымаў штангі, якія былі не па сілах нават прафэсіяналам.

Андрэй Арамнаў на спартовай базе, 2012 год

У 2006-м стаў уладальнікам першага тытулу: выйграў срэбны мэдаль на юнацкім чэмпіянаце сьвету ў катэгорыі да 94 кг з сумай 393 кг. Праз год дасягненьне палепшыў: перамог на аналягічных спаборніцтвах у катэгорыі да 105 кг з сумай 407 кг, а таксама стаў першым у дарослым чэмпіянаце ў той жа катэгорыі з сумай 423 кг, абнавіўшы сусьветны рэкорд.

На Алімпійскія гульні-2008 у Пэкін выправіўся ў статусе фаварыта і пацьвердзіў чаканьні: залаты мэдаль у катэгорыі да 105 кг, упершыню ў гісторыі цяжкай атлетыкі палепшыўшы адразу тры сусьветныя рэкорды: у рыўку — 200 кг, штуршку — 236 кг і ў суме рыўка і штуршка — 436 кг.

Пэрспэктывы 20-гадовага унікума выглядалі неверагоднымі, але маладосьць, незалежны характар і «медныя трубы» саслужылі ня самую добрую службу. Адзначэньне залатога трыюмфу занадта зацягнулася.

Неўзабаве пасьля вяртаньня з Кітаю трапіўся інспэктарам ДАІ ў нецьвярозым стане за рулём, быў пазбаўлены ня толькі права кіраваньня аўтамабілем, а і алімпійскай стыпэндыі. Другі «залёт» скончыўся зусім сумна: машыну канфіскавалі, а фігуранта справы вывелі са складу нацыянальнай зборнай і паставілі пад міліцэйскі нагляд. Хатні рэжым ігнараваўся — замаячылі турэмныя нары.

З жонкай Вольгай і дачкой Дашай

Церазь сілу вярнуўся ў спорт, але зьявіліся іншыя спакусы. У 2010-м гэта каштавала яму званьня чэмпіёна Эўропы: у крыві знайшлі сьляды канабіноідаў. Зрэшты, своечасова падставіла плячо надзейная жанчына: цяпер у іх з жонкай Вольгай галоўным сямейным падмуркам дзеці — 9-гадовая дачка Даша і зусім маленькі сын Марк.

Наступныя Алімпіяды прайшлі без удзелу пэкінскага трыюмфатара. У 2014-м апошні раз выступіў на чэмпіянаце Эўропы, а неўзабаве здарылася «хатняя хімія» за чарговае гусарства за рулём. Спартовец заявіў, што завяршае кар’еру — у тым ліку праз адсутнасьць дапамогі. Уладкаваўся дзіцячым трэнэрам у Барысаве, завёў відэаблог на YouTube, адкуль на пачатку 2017-га абвясьціў, што ўсё ж паспрабуе замахнуцца на Алімпіяду ў Токіё.

Тры пакаленьні волатаў: дзед Валер, тата Андрэй, сын Марк

Нягледзячы на салідны ўзрост, вяртаньне ў перадалімпійскі год аказалася выніковым: спачатку срэбра на эўрапейскім першынстве ў Грузіі, а пасьля мэдаль такой жа вартасьці на чэмпіянаце сьвету ў Тайляндзе з новым усясьветным рэкордам.

«У 20 гадоў я атрымаў вялікія грошы. Да таго не пасьпеў ні нагуляцца, ні пазаймацца глупствам. Пашанцавала, што змог вярнуцца, мала хто адтуль выкараскваецца. Вядома, тут і праблема нашага спорту: „адстаўнікам“ ніяк не дапамагаюць. Першы год пасьля перамогі на Алімпіядзе працаваў за 50 даляраў у спартшколе. Добра, што нічога не прадаў, захаваў кватэру. Вяртаньне — збольшага заслуга спагадлівых людзей. Нават дасылалі грошы, абы я не здаваўся. Таму ўдзячны ўсім, хто спрыяў ня толькі фінансава, а і псыхалягічна», — кажа Андрэй Арамнаў.


«Цяжкая атлетыка можа застацца без алімпійскай квоты»

З улікам ранейшых хатніх абмежаваньняў цяперашняя самаізаляцыя ва ўмовах каранавірусу — варыянт амаль курортны. Асабліва на фоне прыемных ва ўсіх адносінах сямейных клопатаў.

«Дзякуй богу, нас каранавірусная навала абмінула, — кажа галава сям’і. — Таму маю магчымасьць паўнавартасна рыхтавацца, ставіць перад сабой самыя амбітныя задачы. Натуральна, спадзяюся трапіць на наступны год у Токіё. Але тут той выпадак, калі шмат што залежыць ад абставінаў, ня толькі ад сябе. Галоўнае, каб цяжкую атлетыку праз допінгавыя скандалы наогул не пазбавілі алімпійскай квоты. Гэта будзе ўдар ніжэй за пояс...»

І хоць у мужчынскай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы, з прычыны допінгавых парушэньняў, толькі адна вакансія на перанесеную Алімпіяду, Андрэй разьлічвае за яе пазмагацца. Калі ня здарыцца форс-мажору, на які паўплываць ніхто ня ў стане, як з тым каранавірусам. Адзінае, што Гульні-2020 праз каранавірус адклалі на год, калі яму споўніцца 33.

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах пацьвердзіў, што штангу могуць выключыць з праграмы Гульняў на падставе фактаў карупцыі і допінгавых парушэньняў у Міжнароднай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі.

У студзені нямецкі журналіст Хаё Зэпэльт выпусьціў фільм, у якім экс-кіраўнік фэдэрацыі Тамаш Аян, які паўстагодзьдзя займаў там кіроўныя пасады і апошнія 20 гадоў быў прэзыдэнтам, абвінавачваўся ва ўтойваньні допінгу. Пасьля гэтага функцыянэр пайшоў у адстаўку.

Сьледам канадзкі юрыст Рычард Макларэн завяршыў незалежнае расьсьледаваньне, высьветліўшы, што схавана больш за паўсотні станоўчых допінг-тэстаў атлетаў з розных краін. У залежнасьці ад высноў адмысловай камісіі, якая разглядае гэтую справу, будуць рабіцца адпаведныя захады — аж да магчымага выключэньня цяжкай атлетыкі з праграмы Алімпійскіх гульняў.

Андрэй Арамнаў — адзін зь лічаных атлетаў топ-узроўню, да каго ня ўзьнікла прэтэнзій за чысьціню алімпійскага мэдаля.

Тым часам агучаныя чарговыя санкцыі. За масавыя парушэньні дыскваліфікаваныя нацыянальныя асацыяцыі Тайлянду і Малайзіі. Істотна скарочаныя квоты для астатніх фэдэрацый. Пра сур’ёзнасьць захадаў сьведчыць тое, што ў праграму Алімпіяды-2024 цяжкая атлетыка ўключаная часова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка напалохаўся, што ніхто за яго не прагаласуе», — шасьціразовы чэмпіён сьвету Ігар Жалязоўскі пра рэпрэсіі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фэадальна-рабаўласьніцкая дзяржава на чале з ханам». Прадусар Генадзь Шульман аб прыродзе «пасінелых пальцаў»