«Ціханоўская на вачах набіраецца ўпэўненасьці». Адзін дзень з кандыдаткай у прэзыдэнты

Здымачная група тэлеканалу «Настоящее время» правяла цэлы дзень, 19 ліпеня, з кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай і яе паплечніцамі Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай.

Your browser doesn’t support HTML5

Адзін дзень зь Ціханоўскай і яе паплечніцамі. ВІДЭА

Карэспандэнт тэлеканалу Цімур Алеўскі напісаў:

«Тры жанчыны на чале беларускай апазыцыі адрозьніваюцца адна ад адной роўна настолькі, каб пра іх жартавалі, што яны падобныя на жаночую эстрадную групу. Але ім самім бліжэй, калі іх называюць „Трыніты“ (Тройца) — у гонар гераіні фільму „Матрыца“, сьмелай змагаркі з таталітарнай сыстэмай машын.

Кандыдатам у прэзыдэнты зарэгістраваная менавіта Ціханоўская, а калі тры паплечніцы аказваюцца ў адной машыне, спачатку здаецца, што псыхалягічным маторам „тройцы“ выступае менавіта кіраўнік штаба Сяргея Бабарыкі Марыя Калесьнікава, прынамсі на правах чалавека з досьведам арганізацыі складаных мерапрыемстваў. Але калі назіраеш далей — разумееш, што вядучых і кіраваных у тройцы няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала адказалі на пытаньні Свабоды. ВІДЭА

Ціханоўская на вачах набіраецца ўпэўненасьці. Яшчэ хвіліну таму яна, здаецца, ня надта верыць у сябе. Але калі яна чуе, як партнэры са штабу называюць яе „сваім кандыдатам“ і „будучым прэзыдэнтам“, на яе твары зьяўляецца рашучасьць і ўсьведамленьне таго, што місія перамогі над Лукашэнкам ёй па плячы. Калесьнікава, наадварот, моцна перажывае, калі Сьвятлана адказвае на пытаньні і сама быццам прагаворвае за яе вуснамі словы: відаць, што ёй хочацца, каб у яе ўсё атрымалася, і здаецца, што для яе асабіста чужы посьпех вельмі важны. Што тычыцца Веранікі Цапкалы, то яна гаворыць і паводзіць сябе, як чалавек, які шукаў сваё месца і раптам зразумеў, чым можа быць карысны. І проста зьбіраецца выканаць сваю працу. У яе на тое, што адбываецца ў краіне, ёсьць свая, загадзя і дакладна сфармаваная думка».