20 ліпеня суд Ленінскага раёну Берасьця асудзіў актывіста Віталя Казака на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па ч. 3 арт. 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу году»), паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк.
«Казака арыштавалі на 15 сутак на падставе паказаньняў аднаго супрацоўніка міліцыі. Я лічу, ён агаварыў Казака. Гэта судзілішча ня мае нічога агульнага з правасудзьдзем», — заявіў праваабаронца Раман Кісьляк.
Віталя Казака арыштавалі за ўдзел у стыхійнай акцыі пратэсту супраць адмовы ЦВК зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, якая прайшла ў цэнтры Берасьця ўвечары 14 ліпеня. Яго затрымалі каля 21-й гадзіны на праспэкце Машэрава. Казак патэлефанаваў жонцы і сказаў, што яго затрымалі і хутка павінны адпусьціць. Пазьней стала вядома, што яго павезьлі ў Кобрынь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 сутак арышту і штрафы. У Берасьці судзяць затрыманых падчас акцыі 14 ліпеняАмаль трое сутак жонка Казака спрабавала высьветліць, дзе знаходзіцца яе муж: тэлефанавала ў Кобрынскі РАУС, у СІЗА райаддзелу міліцыі, у Ленінскі і Маскоўскі РАУС Берасьця — паўсюль ёй казалі, што Віталя ў іх няма. Яна напісала заяву ў Маскоўскі РАУС пра зьнікненьне мужа.
Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў з нагоды гвалтоўнага зьнікненьня праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу Віталя Казака.
Дзе Віталь Казак, не было вядома да 16-й гадзіны 17 ліпеня, калі яго даставілі ў суд Ленінскага раёну Берасьця. У судзе Казак заявіў хадайніцтва аб прадстаўленьні адваката — яго задаволілі. Актывіста вызвалілі з-пад варты і прызначылі суд на 20 ліпеня.
Усяго ўвечары 14 ліпеня ў Берасьці затрымалі 45 чалавек. Восем адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколу, астатніх да суду зьмясьцілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Берасьці і Кобрыне. 16 і 17 ліпеня суд Ленінскага раёна асудзіў 35 затрыманых: чатырох чалавек арыштавалі на 15 сутак, 17 — аштрафавалі на 810 рублёў, аднаго — на 675 рублёў, 13 — на 540 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актор берасьцейскага тэатру, які расказаў пра гвалт у РАУС, пасьля прысуду трапіў у шпіталь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 сутак арышту. У Менску, Барысаве, Берасьці і Пружанах працягваюцца суды за акцыі 14 ліпеня