«Пытаньне не выклікае нейкага асаблівага ажыятажу. Проста бессэнсоўнае дзеяньне» — так пракамэнтаваў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз працягу мандату спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
«Дзейнасьць так званага спэцдакладчыка мала каму цікавая, ня мае ніякай сувязі з рэальным становішчам рэчаў і ніякага ўплыву. Мандат мы не прызнаём, — сказаў Глаз. — Гэта ў прынцыпе абсурд, калі ў XXI стагодзьдзі робяцца спробы выбудаваць герархію паміж раўнапраўнымі дзяржавамі. Бо, па сутнасьці, што адбываецца: адны краіны, якія асабіста абвясьцілі сябе „чэмпіёнамі“ ў галіне правоў чалавека, ініцыююць рэзалюцыі Рады па правах чалавека, скіраваныя супраць іншых краін».
Прэс-сакратар МЗС назваў гэта абсурдам і дадаў, што ёсьць «шмат мэханізмаў, якія даказалі сваю эфэктыўнасьць і ў межах якіх краіны прадуктыўна працуюць па праваабарончых пытаньнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада правоў чалавека ААН падоўжыла на год мандат спэцдакладчыка аб Беларусі, Менск яго не прызнае17 ліпеня Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яшчэ на год працягнула мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Рада заклікала беларускія ўлады:
- гарантаваць правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў, прыняць меры для садзейнічаньня мірнаму працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі дзяржавы,
- дазволіць спэцдакладчыцы Анаіс Марэн наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці,
- выконваць рэкамэндацыі спэцдакладчыцы і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі адмысловымі працэдурамі ААН.
За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 22 члены РПЧ ААН, супраць — 5, устрымаліся — 20.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН сочаць за сытуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасьціМандат спэцдакладчыка ў пытаньні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны РПЧ ААН пасьля хвалі масавых арыштаў апазыцыйных палітыкаў і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Спэцдакладчык прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 году.
Анаіс Марэн выбралі на пасаду спэцдакладчыка у 2018 годзе.
Афіцыйны Менск не прызнае мандату спэцдакладчыка і заклікае РПЧ ААН скасаваць яго, кажучы, што ён носіць «несправядлівы і палітызаваны» характар.