У Гомлі здаюць даўгабуд-паліклініку — заўтра чакаюць Лукашэнку. Фатафакт

Лукашэнку чакаюць у Гомлі на адкрыцьці паліклінікі, якую будавалі 11 гадоў.

На адкрыцьцё гомельскай паліклінікі, якую будавалі больш за 10 гадоў, 21 ліпеня чакаюць прыезд кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Будаваць паліклініку на вуліцы Мазурава ў Гомлі пачалі ў 2009 годзе. Празь недахоп фінансаваньня будынак «замарозілі».

Мясцовыя жыхары наракалі, што ў шчыльна забудаваным мікрараёне няма паліклінікі. Працы апошні месяц ішлі ў аўральным парадку.

Новая паліклініка — 8-павярховая. Плянуецца, што яна будзе прымаць штодзень да 850 пацыентаў. Жыхарам 17-га мікрараёну абяцаюць, што тут будзе сучаснае абсталяваньне, тамограф і водалячэбніца.

Дамы каля паліклінікі пафарбавалі. У дварах паклалі дзе новы асфальт, а дзе — наклалі латкі.

Ва ўласьнікаў зброі міліцыя часова забрала пісталеты і вінтоўкі. Як піша жыхар Гомля Юры Варонежцаў, зброю забралі «дзеля выкананьня ўказаньня аб падрыхтоўцы да правядзеньня рэжымных мерапрыемстваў».