Вярхоўны суд Беларусі 20 ліпеня прыняў рашэньне пакінуць без задавальненьня скаргу экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалы на рашэньне Цэнтравыбаркаму не рэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, паведамляе Interfax.
«Суд прыходзіць да высновы аб адсутнасьці прававых падставаў для задавальненьня скаргі Цапкалы і адмены пастановы ЦВК ад 14 ліпеня 2020 году», — заявіла судзьдзя Ганна Сакалоўская.
Суд вырашыў пакінуць пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты бязь зьменаў, а скаргу на гэтае рашэньне — без задавальненьня. Рашэньне набыло моц, абскарджваньню і апратэстоўваньню не падлягае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала: Мы павінны прадэманстраваць нязгоду з ігнараваньнем волі беларускага народу14 ліпеня ЦВК не зарэгістравала Валера Цапкалу кандыдатам у прэзыдэнты, прызнаўшы сапраўднымі менш за неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Ініцыятыўная група Цапкалы сабрала больш за 200 тысяч подпісаў. Паводле штабу, у выбаркамы здалі 160 тысяч. ЦВК прызнаў сапраўднымі менш за 80 тысяч.
16 ліпеня Валер Цапкала падаў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам. У відэазвароце ён заявіў, што «ня мае ніякіх ілюзій у дачыненьні да таго, якое рашэньне суд вынесе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Цапкалы: 94,36% подпісаў забракавалі, бо дату «паставіў ня той чалавек», але экспэртызаў не праводзілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня маем ніякай ілюзіі». Цапкала расказаў, што ягоная каманда будзе рабіць далей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала абяцаў падтрымку Ціханоўскай: «Моц жанчыны ў яе слабасьці»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.