Handelsblatt: былы мэнэджар нямецкай фінансавай кампаніі хаваецца не ў Беларусі, а ў Расеі

Былы апэрацыйны дырэктар нямецкай аплатнай сыстэмы Wirecard Ян Марсалек хаваецца ў Расеі, піша нямецкае выданьне Handelsblatt.

Крыніцы газэты сьцьвярджаюць, што ён жыве ў прыватным доме недалёка ад Масквы пад наглядам ГРУ. Марсалек лічыцца галоўнай дзейнай асобай махінацый у кампаніі, у балянсе якой выявілі дзірку амаль на 2 мільярды эўра.

Выданьне сьцьвярджае, што да гэтага Марсалек вывеў у Расею з Дубаю буйную суму ў біткойнах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Insider, Bellingcat: злачынца, якога найбольш шукаюць у сьвеце, хаваецца ў Беларусі

Раней Spiegel, Insider і група Bellingcat у рамках сумеснага расьсьледаваньня прыйшлі да высновы, што Марсалек можа хавацца ў Беларусі або ў Расеі. У публікацыі сказана, што Марсалек узаемадзейнічаў з расейскімі спэцслужбамі, а магчыма, і працаваў на іх.

  • Гэтым летам прайшла аўдытарская праверка кампанія Wirecard, якая заявіла аб сваёй неплатаздольнасьці, маючы запазычанасьць перад крэдыторамі ў памеры 4 млрд эўра. Аўдытары выявілі на рахунках кампаніі «дзірку» ў 1,9 млрд эўра. Яны прыйшлі да высновы, што недабор узьнік у выніку глябальнай ашуканскай апэрацыі.
  • 22 чэрвеня рада дырэктараў збанкрутаванай аплатнай сыстэмы Wirecard звольніла Яна Марсалека. Адразу пасьля свайго звальненьня Марсалек, паводле зьвестак расьсьледаваньня Bellingcat і партнэраў, вылецеў у Менск, пасьля чаго яго сьляды губляюцца.