Алег Краўчанка, якога Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў ЗША, зрабіў першую заяву на гэтай пасадзе.
Паводле Алега Краўчанкі, Беларусь і ЗША маюць шмат абласьцей для супрацоўніцтва, інтарэсы ў якіх супадаюць. Словы амбасадара цытуе БелТА:
«Сярод абласьцей, у якіх нашы інтарэсы супадаюць, у першую чаргу ўзаемадзеяньне ў галіне прыцягненьня фінансавых рэсурсаў, эканамічны і энэргетычны дыялёг, міжнародная бясьпека, супрацоўніцтва праваахоўных органаў»,— сказаў Алег Краўчанка.
На думку амбасадара, прыналежнасьць да розных вайскова-палітычных блёкаў «не выключае, а хутчэй вызначае неабходнасьць кантактаў паміж вайскоўцамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўпершыню за 12 гадоў прызначыў амбасадара Беларусі ў ЗШАКраўчанка сказаў пра неабходнасьць дыялёгу з ЗША ў пытаньнях, дзе «пазыцыі пакуль адрозьніваюцца».
«Мне хацелася б, каб мы дасягнулі такога ўзроўню нармалізацыі нашых стасункаў, якія можна было б ацаніць як устойлівыя», — сказаў пасьля прызначэньня амбасадарам Алег Краўчанка.
Раней ён працаваў на пасадзе намесьніка міністра замежных спраў. 12 гадоў Беларусь ня мела свайго амбасадара ў ЗША, а ЗША ня мелі амбасадара ў Беларусі. Паніжэньне ўзроўню дыпляматычных прадстаўніцтваў у 2008 годзе ініцыяваў афіцыйны Менск.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніцу памочніка дзяржсакратара ў справах Эўразьвязу Джулі Фішэр.
Аб аднаўленьні дыппрадстаўніцтваў на ўзроўні амбасадараў у Менск і Вашынгтоне было заяўлена летась, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам.
Тым часам Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаў глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі пра затрыманьні мірных актывістаў і журналістаў. ЗША лічаць надзвычай важным забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца амбасады ЗША разьвіталася з беларусамі. ВІДЭА