Aляксандар Лукашэнка распарадзіўся запрасіць у Беларусь спэцыялістаў Інтэрполу, ЗША, Польшчы і Расеі, каб інфармаваць іх аб расьсьледаваньні справы «Белгазпрамбанку».
Пра гэта ён сказаў падчас наведваньня 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады 16 ліпеня. Фрагмэнт сустрэчы быў паказаны ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1».
«Калі вы думаеце, што ўсё, што вам па тэлевізары паказваюць, палітычная замова, то мне з вамі няма пра што наогул гаварыць, — адзначыў Лукашэнка. — Няма ніякай палітычнай замовы. Але злодзей павінен сядзець у турме. Да ўсіх аднолькавае стаўленьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка, Цапкала і Ціханоўскі могуць быць стаўленікамі Масквы і нават Пэкіну, але бараніць іх выходзіць беларускі народПаводле Аляксандра Лукашэнкі, «вязьнем сумленьня ніхто з затрыманых ня стане».
«Усе гэтыя сядзельцы, а іх там ужо пад 30 чалавек, даюць паказаньні. І гэты ўжо зарыдаў (былы кіраўнік праўленьня „Белгазпрамбанку“ Віктар Бабарыка. — РС). Калі не зарэгістравалі, зарыдаў і пачаў паказаньні даваць», — падкрэсьліў Лукашэнка, дадаўшы, што даручыў КДБ і пракуратуры запрасіць спыцыялістаў Інтэрполу, ЗША, Польшчы і Расеі.
Тады, лічыць ён, будзе зразумела, баіцца кагосьці Лукашэнка ці гэта сапраўды крымінальнае злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаргу ў КДБ ужо займаюць». Юрыст Бабарыкі пра адмову Вярхоўнага суду прыняць скаргу бяз подпісу кандыдата11 чэрвеня ў «Белаграпрамбанку» і шэрагу камэрцыйных кампаній прайшлі ператрусы. Праз тыдзень Віктар Бабарыка быў затрыманы. Яму прад’яўлена абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч. 2 арт. 431 (дача хабару). Былы банкір ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. «Міжнародная амністыя» прызнала яго палітычным зьняволеным.
За вылучэньне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты сабрана 434 985 подпісаў — абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных прэтэндэнтаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Аднак 14 ліпеня Цэнтарвыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты праз неадпаведнасьць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.