20 ліпеня спаўняецца 60 гадоў аглядальніку Радыё Свабода Юрыю Дракахрусту. Напярэдадні ён адказаў на пытаньні пра тое, што будзе ў Беларусі пасьля выбараў, што выклікае ў яго агіду і абурэньне, у чым ён моцна памыляўся, а ў чым меў рацыю.
— Ты некалі цытаваў сваё крэда з цытаты Сьпінозы: ня плакаць і не сьмяяцца, а разумець. Ці ёсьць нешта, што апошнім часам прымушала цябе плакаць ці сьмяяцца?
— Ды шмат чаго, асабліва ў беларускім жыцьці. Але гэта мая рэакцыя як чалавека. У сваім аналізе я ўсё ж імкнуся захоўваць аб’ектыўнасьць. Мне падабаецца самавызначэньне знакамітага францускага філёзафа і журналіста ХХ стагодзьдзя Раймона Арона — ангажаваны глядач. Так, ангажаваны, бо немагчыма дый ня варта адмаўляцца ад уласнай пазыцыі. Але глядач, а не гулец, ня дзейная асоба, не на сцэне, а ў глядзельнай залі.
— Звычайна тую цытату Сьпінозы цалкам даюць так: «Я намагаўся не сьмяяцца з чалавечых учынкаў, ня плакаць над імі, не ненавідзець іх, але разумець іх». Ці выклікала нешта апошнім часам тваю нянавісьць?
— Нянавісьць напэўна не. Абурэньне, а часьцей агіду — так. У прыватнасьці, тое «дзікае паляваньне» на людзей, якое мы зараз назіраем у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 314 чалавек затрымалі падчас пратэстаў супраць нерэгістрацыі кандыдатаў. Сьпіс— Ты пераважна аналізуеш падзеі ў Беларусі, не жывучы там ужо доўгі час. У чым ты бачыш рызыкі і перавагі гэтага «погляду збоку»?
— Рызыкі відавочныя — праблемы з адчуваньнем патоку жыцьця, няма штодзённага беларускага досьведу, няма досьведу штодзённай камунікацыі, хай і мімалётнай, зь людзьмі, якія не належаць да кола маіх калегаў і звыклых суразмоўцаў у Беларусі. Ну а перавагі — можа, пэўнае дыстанцыяваньне, якое спрыяе цьверазейшаму погляду. І досьвед жыцьця ў зусім іншай рэальнасьці. Я гляджу на яе беларускімі вачыма, але і на Беларусь — крыху з «праскім акцэнтам».
Пару гадоў таму мой сябра, цяпер нябожчык, Юры Зісер казаў мне, што ён, чытаючы мае тэксты, не адчувае, што я жыву не ў Беларусі. Гэта была адной з самых высокіх ухвалаў, якія я атрымаў. Хаця мо проста па-сяброўску казаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даў інфармацыйнае паветра, аднаўляў арганы, падтрымліваў прадпрымальнікаў і культуру. Вялікія праекты і добрыя справы Юрыя Зісера— Якія свае прагнозы на разьвіцьцё палітычных падзеяў ты лічыш найбольш трапнымі — магчыма, у сытуацыі, калі большасьць экспэртаў давала зусім іншыя прагнозы?
— Аналітыка — гэта перш за ўсё тлумачэньне, а толькі часткова прагнозы. Гэта не таталізатар. Але часам сапраўды пацэльваў. У траўні сёлета я рызыкнуў і сказаў, што ў сёлетніх выбарах будзе ўдзельнічаць Віктар Бабарыка. А на наступны дзень ён апублікаваў у ФБ заяву, што ідзе на выбары. Гэта было прыгожа.
Што тычыцца Лукашэнкі, то я амаль адразу пасьля яго прыходу да ўлады пісаў, што ён, нягледзячы на сваю прарасейскую і прасавецкую рыторыку, ня здасьць незалежнасьць Беларусі. Такую выснову я рабіў і з аналізу таго, што ведаў пра яго, і з агульных меркаваньняў. Ну вось парачку сваіх цаляньняў прыгадаў.
— А якія твае прагнозы і ацэнкі былі моцна памылковымі, і дзе хаваліся тыя памылкі?
— Памылак таксама хапала. Зь сёлетніх — прагноз, што лік хворых на COVID-19 у Беларусі пойдзе на сотні тысячаў. Іх аказалася сапраўды вельмі шмат, але дзясяткі тысячаў, прынамсі паводле афіцыйных дадзеных. Прычына памылкі — я экстрапаляваў сытуацыю сярэдзіны сакавіка, калі колькасьць хворых расла штодзень на 20%. Потым тэмп росту зьнізіўся.
З Лукашэнкам — я ня думаў, што ён здолее ўсталяваць такую брутальную дыктатуру. І што будзе кіраваць так доўга. Ён і сам, магчыма, ня думаў. Памятаю яго першую прэсавую канфэрэнцыю, калі ён сказаў, што будзе кіраваць 13 гадоў. Чаму 13 — не зразумеў ніхто. Тады паводле закону ён мог кіраваць максымум 8. Але цікава, што нават ён не казаў, што ўдвая больш.
Чаму ў гэтым памыліўся? Напэўна, думаў, што пасьля такога шоку, якім быў крах камунізму, усё ж маштабнае вяртаньне несвабоды немагчымае. Выявілася, што магчымае. Падчас перабудовы асьцерагаліся, што яе спасьцігне лёс «адлігі» 50-х–60-х, што наступяць новыя замаразкі. Але гэтыя страхі спраўдзіліся пасьля 1994 году, ужо ў незалежнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская — наш прэзыдэнт? Аналітыкі аб прэзыдэнцкай кампаніі пасьля аб'яднаньня— Ці бачыш ты нейкую рэакцыю і зваротную сувязь на свае тэксты з боку тых, хто прымае рашэньні ў Беларусі, — як з боку апазыцыі, гэтак і з боку ўлады?
— Ня надта. Раней, калі жыў у Беларусі, было больш. Памятаю, у 1996 годзе Лукашэнка на першым усебеларускім сходзе казаў: «Бачу, у Маскве, у Думе — Майсеня, Дракахруст. Гэта ж зьлейшыя ворагі Расеі» :-) Часам некаторыя свае думкі чую ад палітыкаў, хаця ня ўпэўнены, што яны іх запазычылі менавіта ад мяне. Можа мы зь імі проста думаем падобным чынам.
— Твой брат — вядомы сацыёляг Алег Манаеў. Вашыя з братам ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі, звычайна супадаюць, ці былі сытуацыі, калі ў вас былі сурʼёзныя разыходжаньні і спрэчкі?
— Сурʼёзных разыходжаньняў не было, часам у дробязях. Думаю, што ягоныя ацэнкі больш рэалістычныя, хаця б таму, што ён даўжэй за мяне жыў у Беларусі і меў больш практычнага досьведу — выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, кіраваў Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. А наагул гэта мне падарунак лёсу — што мой брат такі блізкі мне ва ўсім чалавек.
— А як ты прыйшоў у журналістыку з матэматыкі?
— Шмат у чым выпадкова. Я 10 гадоў працаваў у інстытуце матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук. Такая Касталія там была, як у Гесэ. Але бацькі ў мяне былі журналісты. Пачалася перабудова. А грамадзянскі тэмпэрамэнт я заўсёды меў.
Быў у мяне ва ўнівэрсытэце гурток сяброў, зь якімі мы езьдзілі ў Маскву, да дысыдэнтаў, ад якіх атрымлівалі «падрыўныя» кніжкі. Чыталі гэтыя кніжкі, рыхтаваліся. Ну вось я і дачакаўся. Напрыканцы 80-х я, калі ўдзельнічаў у стварэньні БНФ, апублікаваў пару тэкстаў у ЛіМе. А расейская служба Радыё Свабода шукала карэспандэнта ў Беларусі. Не хацелі з досьведам савецкай журналістыкі. І нехта ім прапанаваў: а паспрабуйце гэтага хлопца — мяне. Хто менавіта прапанаваў — ня ведаю. Нехта казаў, што Васіль Быкаў, іншыя — што Яўген Будзінас. Можа і не яны. Час быў такі — дылетантаў і авантурыстаў. Стаць карэспандэнтам Свабоды з парачкай палымяных тэкстаў — гэта магчыма было толькі ў тыя блаславёныя гады. Ну а потым пайшло-паехала.
— Калі ты аналізуеш стан грамадзтва і сацыяльныя падзеі, чым матэматычны лад мысьленьня дапамагае, а чым, магчыма, замінае?
— Напэўна, тым жа дапамагае, чым і перашкаджае. Я заўсёды шукаю ў падзеях і працэсах лёгіку, мэханізм, адказ на пытаньне, як гэта сканструявана. Але часам гэта перашкаджае разуменьню чалавечага, ірацыянальнага, таго, што немагчыма фармалізаваць.
Ну і прафэсійныя заняткі матэматыкай сфармавалі пэўную этыку. Ты ці разьвязаў задачу, ці не. Калі ты доўга соп, напружваўся, прыкладаў высілкі — гэта нікому не цікава. Павінен трапіць, пачуць шчаўчок. Ён скажа табе, што ты зразумеў, рашыў, што соп недарма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская на пікеце ў Дзяржынску: Пагроза ўладзе — не ў кандыдатах, а ў народзе. Відэа— Ты ўжо казаў, што аналітыка — гэта перш за ўсё тлумачэньне і толькі часткова прагнозы. Але які твой прагноз на тое, што будзе ў Беларусі ў месяцы пасьля выбараў?
— На выбарах Лукашэнка атрымаў, паводле афіцыйных дадзеных, каля 80% зь афіцыйнай яўкай 85%. Другое месца — у Канапацкай, трэцяе — у Ціханоўскай.
Плошча, якая аказалася меншай, чым у 2010 годзе, разагнаная, але без крымінальных справаў супраць удзельнікаў. Забітых падчас разгону няма.
Бабарыка і Ціханоўскі атрымліваюць мінімальныя тэрміны па крымінальных артыкулах.
Іншых, прыцягнутых да крымінальных справаў, альбо вызваляюць, альбо даюць умоўныя тэрміны.
Захад асуджае парушэньне правоў чалавека і несвабодныя выбары, аднак санкцыяў ня ўводзіць.
Лукашэнка не падпісвае інтэграцыйныя «дарожныя мапы» з Расеяй.
Гэта — прагноз паводле трэнду, з улікам як ацэнкі пратэставага патэнцыялу, гэтак і майго разуменьня плянаў улады. У траўні, магчыма, адказ на гэтае пытаньне быў бы іншым. Магчыма, 8 жніўня ён будзе іншым.
— Ці ёсьць нейкае пытаньне, на якое ты б хацеў адказаць?
— Калі ж у Беларусі вось гэта вось усё скончыцца? І як? Хацеў бы адказаць на гэтыя пытаньні. І ведаць, што адказваць. Удзячны лёсу, што на сваім веку — у канцы 1980-х, напачатку 90-х — убачыў і нават руку прыклаў да таго, як такое сканчаецца. Спадзяюся, што і яшчэ раз убачу, калі Бог дасьць.
Юры Дракахруст нарадзіўся ў 1960 у Хабараўску (Расея). У 1964 з бацькамі пераехаў у Менск. Скончыў мэханіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
У 1986 абараніў кандыдацкую дысэртацыю па альгебраічнай тэорыі лічбаў. Працаваў у Інстытуце матэматыкі АН Беларусі (1982–1991), акадэмічным Інстытуце эканомікі (1991–1994), у Незалежным інстытуце сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (1992–2000). Выступаў з артыкуламі ў беларускім друку.
У 1990–1991 гг. — сакратар управы Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
На Радыё Свабода з 1991, ад 1996 — супрацоўнік Беларускай службы ў Празе.
Вядучы аналітычнай праграмы «Праскі акцэнт» на Радыё Свабода. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009) і «Сем худых гадоў» (2014). З 2015 рэгулярна публікуецца на партале TUT.BY.
Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).