Мазгавы штурм: як зрабіць альтэрнатыўны падлік галасоў на выбарах

  • БелаПАН

У Беларусі стартаваў Social Technology Hackaton — 21-гадзінны IT-форум па распрацоўцы інструмэнтаў для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта, прызначаных на 9 жніўня.

На сайце форуму паведамляецца, што яго праводзіць незалежная каманда. Разам з тым арганізатараў падтрымліваюць штабы незарэгістраваных кандыдатамі ў прэзыдэнты экс-кіраўніка ПВТ Валера Цапкалы, былога старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, а таксама плятформа «Сумленныя людзі», накіраваная на правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў.

Паводле інфармацыі, апублікаванай на старонцы форуму ў «Фэйсбуку», заяўкі на ўдзел падалі каля 400 чалавек. Да працы запрошаныя праграмісты, дызайнэры, маркэтолягі, удзельнікі розных ініцыятываў і проста неабыякавыя людзі.

Удзельнікі форуму маюць зносіны паміж сабой і арганізатарамі ў рэжыме онлайн — з дапамогай плятформы Zoom і групавога месэнджара Slack. Тыя, хто не рэгістраваліся ў якасьці ўдзельніка і валянтэра, сачыць за этапамі правядзеньня мерапрыемства ня могуць.

18 ліпеня з 15.00 да 18.30 фармаваліся каманды са спэцыялістаў у розных галінах, якія зоймуцца абмеркаваньнем магчымых спосабаў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах.

Пазьней увечары каманды правялі мазгавы штурм і прэзентавалі свае ідэі. З 9 гадзінаў вечара да 9 раніцы каманды будуць працаваць над сваімі праектамі.

Прэзэнтацыя праектаў і вызначэньне пераможцаў, чые ідэі будуць прынятыя для далейшай рэалізацыі, пройдзе заўтра зь 9 раніцы да поўдня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы, як забясьпечыць празрыстасьць выбараў

«Пасьля мерапрыемства ніводная ініцыятыва не застанецца незаўважанай, — падкрэсьлілі арганізатары. — Мы дамо камандзе-пераможцы як фінансавую, так і інфармацыйную падтрымку».

«Гэта не апошнія выбары, так што ўсе нашыя напрацоўкі дапамогуць у правядзеньні дыстанцыйных выбараў у будучыні. Бо мы створым інструмэнты, якія ў комплексе будуць вырашаць праблемы бясьпекі для здароўя ўдзельнікаў выбарчага працэсу, яго кошту, хуткасьці і легітымнасьці. Пандэмія паказала неабходнасьць рэформаў традыцыйнага інстытуту выбараў. Калі мы зможам пабудаваць онлайн-падлік галасоў у Беларусі, то наша рашэньне будзе прыдатнае для выкарыстаньня і за яе межамі», — падкрэсьліваюць арганізатары.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.