Амэрыканскі кангрэсмэн, адзін зь лідэраў барацьбы за забарону сэгрэгацыі Джон Льюіс памёр на 81-м годзе жыцьця.
Льюіс быў адным з арганізатараў Маршу на Вашынгтон 1963 году. Пасьля гэтай акцыі фэдэральныя ўлады забаранілі сэгрэгацыю ў грамадзкіх месцах і прынялі закон, які прыраўняў выбарчыя правы чарнаскурага насельніцтва зь белым.
Льюіс нарадзіўся ў 1940 годзе ў горадзе Троя, штат Алабама. Ён зь дзяцінства сачыў за барацьбой за грамадзянскія правы, у 17 год пазнаёміўся з адной з заснавальніц руху за правы чарнаскурых Розай Паркс, а ў 18 — з Марцінам Лютэрам Кінгам. Студэнтам ён удзельнічаў у сядзячых забастоўках супраць сэгрэгацыі і ў акцыях з патрабаваньнем даць чарнаскурым роўныя выбарчыя правы. Ён быў адным зь першых чарнаскурых актывістаў, якія заходзілі ў аўтобусы толькі для белых і якія ігнаравалі правілы сэгрэгацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найчасьцейшыя пытаньні і адказы аб пратэстах у ЗША. Тлумачым дэталёваУ 1963 году Льюіс быў адным з шасьці асноўных арганізатараў Маршу на Вашынгтон. Ад 200 да 300 тысяч чалавек прайшлі маршам да мэмарыялу Лінкальну ў цэнтры амэрыканскай сталіцы, дзе Марцін Лютэр Кінг зрабіў прамову, якая атрымала назву «У мяне ёсьць мара».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра страх, гвалт і любоў. Правілы жыцьця Марціна Лютэра КінгаЁн працягваў займацца праваабарончай дзейнасьцю да 1977 году, пакуль не перайшоў на працу ва ўрад. Пасьля гэтага ён восем гадоў быў гарадзкім дэпутатам Атлянты, пакуль у 1986 годзе не абраўся ў Кангрэс ад дэмакратычнай партыі.
Пасьля абраньня Льюіс пераабіраўся 16 разоў, толькі адзін раз набраўшы менш за 70 працэнтаў галасоў. У 2008 годзе ён падтрымаў намінацыю Барака Абамы на пасаду прэзыдэнта ЗША. У 2016 — арганізаваў 25-гадзінную забастоўку ста кангрэсмэнаў ад Дэмакратычнай партыі, якія патрабавалі ўзмацніць продаж зброі ў ЗША.
У заяве сьпікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэласі сказана, што ў дзень сьмерці Льюіса «Амэрыка аплаквае страту аднаго з найвялікшых герояў амэрыканскай гісторыі». Кангрэсмэна ўганаравалі найвышэйшай узнагародай ЗША для грамадзянскіх асоб — Прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды.