Часовая павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур запісала разьвітальны зварот да беларусаў з нагоды завяршэньня яе дыпляматычнай місіі ў Беларусі.
Мур адпрацавала ў Беларусі два гады. У відэа яна паведаміла, што новы намесьнік кіраўніка місіі Джэф Джук возьме на сябе ролю часовага паверанага да прыезду амбасадара, а яна зьяжджае «з пачуцьцём моцнай прыхільнасьці і павагі да Беларусі і яе народу».
«Мне падабалася назіраць, як элегантныя буслы прыляталі вясной і адляталі восеньню, глядзець на захапляльнае падсьвятленьне Нацыянальнай бібліятэкі і вечную прыгажосьць Калоскай царквы ў Горадні. Куды б я ня ехала, я была кранутая вашай дабрынёй і гасьціннасьцю».
Мур абяцала памятаць пра Беларусь, куды б не адправілася, і назіраць за краінай.
17 ліпеня міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей падзякаваў Джэніфэр Мур за яе ўнёсак у разьвіцьцё двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША і ўручыў ёй нагрудны знак органаў дыпляматычнай службы «Партнэрства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей уручыў кіраўніцы амбасады ЗША нагрудны знак «Партнэрства» з нагоды заканчэньня яе місііБеларусь і ЗША сёлета заявілі пра намер абмяняцца пасламі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніцу памочніка дзяржсакратара ў справах Эўразьвязу Джулі Фішэр. Яна можа стаць першым амбасадарам ЗША ў Беларусі ад 2008 году.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША днямі заявіў, што павага афіцыйным Менскам асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды мірных сходаў, слова і асацыяцый, мае вырашальнае значэньне для ўмацаваньня міждзяржаўных стасункаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі пасьля 12 гадоў адсутнасьціПрэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Морган Артагус выказала глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі пра затрыманьні мірных актывістаў і журналістаў, а таксама сказала, што ЗША лічаць надзвычай важнымі для ўраду забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у выбарах.