Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі і раённага каардынатара назіраньня за выбарамі Міхаіла Чамураку з Дуброўны (Віцебская вобласьць) вінавацяць у зьнявазе чыноўнікаў мясцовага райвыканкаму.
17 ліпеня ў ягонай кватэры, а таксама ў сястры ды маці міліцыянты правялі ператрус. Забралі на экспэртызу кампутары, відэатэхніку й носьбіты інфармацыі. Паводле актывіста, у маці пыталіся — чаму ў яе дома знайшлася візытоўка старшыні АГП Мікалая Казлова.
Паводле пастановы аб аглядзе месца фактычнага пражываньня Чамуракі, яго вінавацяць у распаўсюджваньні ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» «фотавыяваў і вымыслаў», якія кампрамэтуюць службовых асобаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў Дубровенскага раёну. Міліцыянты шукалі ў кватэрах доказы злачынства актывіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Орша для жизни»Як кажа Міхаіл Чамурака, раней яго выклікалі ў Дубровенскі райаддзел міліцыі па факце разьмяшчэньня ў «Одноклассниках» зьвестак, якія зьневажаюць службовых асобаў. Нагодай для гутаркі стала тое, што ён прапанаваў наведнікам сваёй старонкі выстаўляць фота чыноўнікаў, якія «праславіліся нечым нэгатыўным», галерэю ён назваў «Банда Лукі». Адказваць на пытаньні ўчастковага ён адмовіўся, бо яму не паведамілі, хто канкрэтна з чыноўнікаў на яго паскардзіўся.
У траўні Міхаіл Чамурака адседзеў 12 содняў адміністрацыйнага арышту за кармленьне галубоў. 23 чэрвеня яму прысудзілі 13 содняў за ўдзел у «Ланцугу салідарнасьці» ў Воршы. Пасьля таго як ён прабыў 6 дзён у ізалятары, яго нечакана выпусьцілі, нібыта з прычыны пагаршэньня эпідэмічнай абстаноўкі. Актывіст дамагаўся адседзець увесь тэрмін, але яго адмовіліся прымаць у вязьніцу. Колькі дзён таму на яго склалі чарговы пратакол за «арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». Нагодай стаў надпіс «3%», зроблены Чамуракам крэйдай на дарозе.